2017-10-16 12:45:00

Папа ў ФАО: ўключыць катэгорыю любові ў міжнародныя стасункі


Войны і кліматычныя змены абумоўліваюць існаванне голада; яны не з’яўляюцца “невылечнымі хваробамі”, падкрэсліў Папа 16 кастрычніка 2017 г. падчас візіту ў сядзібу Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО), якая знаходзіцца ў Рыме. Францішак звярнуўся да яе супрацоўнікаў з доўгай прамовай на іспанскай мове.

Першай перашкодай для раўнавагі ў свеце, на яго думку, з’яўляюцца канфлікты. Папа заклікаў міжнародную супольнасць да добрай волі і дыялогу дзеля спынення супрацьстаяння, а таксама да адданай працы на карысць “паступовага і сістэматычнага раззбраення”. “Спыніць зварот да зброі масавага знішчэння – магчыма”, - дадаў Святы Айцец.

Іншая праблема – гэта кліматычныя змены. Францішак заўважыў, што “некаторыя” краіны не прынялі Парыжскага пагаднення аб клімаце, распрацаванага міжнароднай супольнасцю. Ён звярнуў увагу на адсутнасць належнага клопату аб захаванні “крухкай раўнавагі экасістэм”, а таксама на “прэтэнзію на маніпуляванне і кантроль за абмежаванымі рэсурсамі планеты, на прагнасць прыбытку”.

Святы Айцец падтрымаў намаганні ААН на карысць заключэння глабальнага пагаднення па “бяспечнай, рэгулярнай і ўпарадкаванай” міграцыі. Гэта праца, на яго думку, патрабуе “скаардынаванай і сістэматычнай міжурадавай дзейнасці”, “прасякнутай любоўю і разважлівасцю”. Яе мэтай павінна быць “сустрэча” паміж народамі, а не адчужэнне, дадаў Папа.

Францішак заклікаў уключыць у мову міжнароднага супрацоўніцтва “катэгорыю любові”. “Пажадана, каб дыпламатыя і шматбаковыя структуры павышалі і рэалізавалі гэту здольнасць любіць”, каб гарантаваць не толькі харчовую бяспеку, але і бяспеку ў поўным значэнні гэтага слова, падкрэсліў ён. 

Паводле слоў Пантыфіка, любіць – значыць спрыяць, каб “кожная краіна павялічыла вытворчасць і дасягнула харчовай самадастатковасці”, працаваць на карысць новых “мадэляў развіцця і спажывецтва”, прымаць рашэнні, якія не абцяжараць сітуацыю менш развітых краін і не павысяць іх знешнюю залежнасць. Нельга працягваць “дзяліць чалавечую сям’ю” на тых, хто мае лішкі і тых, хто не мае неабходнага, сцвердзіў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што адной з прычын распаўсюджвання беднасці з’яўляецца “часта трагічнае перамяшчэнне мігрантаў”. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна звярнуцца да “прэвентыўных мер”, якімі з’яўляюцца праекты па стварэнні працоўных месц і здольнасці адказваць на кліматычныя і экалагічныя крызісы. Ён дадаў, што такія меры будуць каштаваць значна менш, чым вырашэнне наступстваў забруджвання зямлі і вады.

У якасці дару Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Францішак перадаў мрамарную скульптурную кампазіцыю з выявай сірыйскага хлопчыка-мігранта, які быў знойдзены нежывым у кастрычніку 2015 г. на турэцкім узбярэжжы і фотаздымак якога стаў сімвалам трагедыі сучаснай міграцыі.

Святы Айцец наведаў сядзібу Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) ў другі раз. Упершыню ён здзейсніў візіт сюды 19 лістапада 2014 г. з нагоды Другой міжнароднай канферэнцыі па пытаннях харчавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.