2017-10-14 13:45:00

Святы Айцец: мір патрабуе малітвы і ахвярнасці


“Выклікі нашага часу патрабуюць супрацоўніцтва паміж усімі людзьмі добрай волі, а асабліва, малітвы і ахвярнасці”, - адзначыў Святы Айцец Францішак 14 кастрычніка 2017 г. падчас аўдыенцыі для членаў “Малітоўнай лігі імператара Карла за мір паміж народамі” (Kaiser Karl Gebetsliga für den Frieden der Völker). 

Сустрэча прайшла ў рамках штогадовай асамблеі Лігі і 100-годдзя ініцыятывы на карысць міру, якую папа Бэнэдыкт XV пачаў сярод палітычных лідэраў, каб пакласці канец Першай сусветнай вайне. Яна была падтрымана толькі імператарам Карлам І Габсбургам. Манарх у 2004 г. быў абвешчаны благаслаўлёным.

Аб’яднанне, названае ў яго гонар, лічыць сваімі галоўнымі мэтамі спрыянне міру, пошук і спаўненне Божай волі, пераадоленне гістарычнай несправядлівасці. Менавіта гэта было лейтматывам жыцця благаслаўлёнага Карла І, “як дзяржаўнага дзеяча, мужа, бацькі і сына Касцёла”. 

“Давяраючы Божай волі ён прыняў пакуты і ахвяраў сваім жыццём дзеля міру, заўсёды падтрыманы любоўю і верай сваёй жонкі, Слугі Божай Зіты”, - сказаў Францішак і заклікаў сваіх гасцей падтрымліваць малітвай таксама і сённяшнія папскія мірныя ініцыятывы. “Я разлічваю таксама на вас”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Карл І Габсбург быў імператарам Аўстра-Венгрыі у перыяд паміж 1916-1918 гг. Ён памёр у 35-гадовым узросце, знаходзячыся ў выгнанні на партугальскім востраве Мадэйра. З’яўляецца адзіным імператарам, якога Каталіцкі Касцёл абвясціў благаслаўлёным. 

Малітоўная ліга была заснавана ў 1895 г. па ініцыятыве аўстрыйскай законніцы Вінцэнтыі Фоланд, каб падтрымліваць будучага імператара малітвамі і ахвярамі. Пасля смерці манарха ў 1922 г. яна распаўсюдзілася ў многіх краінах свету. Сёння яе члены ёсць на Мальце, у Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Люксембургу, Польшчы, Італіі, Бельгіі, Партугаліі, ЗША, Канадзе і Мексіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.