2017-10-11 10:54:00

Пантыфік: працаваць па зніжэнні рызыкі бедстваў


Стыхійныя бедствы пагражаюць у першую чаргу найбольш уразлівым народам, звярнуў увагу Францішак 11 кастрычніка 2017 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Свой зварот ён прымеркаваў да Міжнароднага дня па змяншэнні небяспекі бедстваў, які адзначаецца 13 кастрычніка па ініцыятыве Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

“Зноў скіроўваю мой настойлівы заклік да абароны стварэння праз усё больш і больш уважлівы клопат і ахову навакольнага асяроддзя. У сувязі з гэтым, заахвочваю структуры і ўсіх, хто мае публічную і сацыяльную адказнасць больш спрыяць культуры, якая мае на мэце зніжэнне ўздзеяння рызык і стыхійных бедстваў. Няхай канкрэтныя дзеянні, скіраваныя на вывучэнне і абарону супольнага дома, паступова зменшаць рызыкі для найбольш уразлівых народаў”, - пажадаў Папа.

Згодна з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 22 снежня 1989 г., прайшло першае святкаванне Міжнароднага дня па змяншэнні небяспекі стыхійных бедстваў (International Day for Disaster Reduction). Акцыя адбылася ў рамках аднайменнага Міжнароднага дзесяцігоддзя – з 1990 па 1999 гг. 

У 2001 г. Генеральная Асамблея прыняла рашэнне штогод адзначаць Міжнародны дзень, што павінна стаць адной з мер на шляху да фарміравання глабальнай культуры змяншэння небяспекі стыхійных бедстваў, уключаючы іх прадухіленне, змякчэнне наступстваў і забеспячэнне гатоўнасці да іх. У 2009 г. гэты дзень перайменавалі ў Міжнародны дзень па змяншэнні небяспекі бедстваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.