2017-10-09 11:44:00

Ватыканскі прэфект: графіці з Папам цалкам дапушчальныя


Графіці з Францішкам з’яўляюцца выразам спагады ці нават захаплення, а не непавагі да яго асобы і служэння. Такое меркаванне выказаў у эфіры першага каналу італьянскага грамадскага тэлебачання “RAI” прэфект ватыканскага Сакратарыяту па камунікацыі, мансеньёр Эдоарда Вігано. У студыі прысутнічаў рымскі мастак Маўра Палота, аўтар графіці з Папам, якое з’явілася некалькі гадоў таму.

Твор, намаляваны побач з Ватыканам, быў зафарбаваны ўладамі. “У мяне склалася ўражанне, што Рым мае больш сур’ёзныя праблемы, чым знішчэнне прыгожай працы”, - сказаў кс. Вігано. На яго думку, графіці з Францішкам цалкам дапушчальныя, таму што Пантыфік з’яўляецца “поп-персонай, непасрэдным і спачувальным чалавекам”.

Мастак Маўра Палота прызнаўся, што ён асабіста перадаў копію графіці “Super Pope” Францішку.

Графіці з Папам у вобразе супермэна з’явілася на знакамітай вуліцы Борга Піа недалёка ад плошчы св. Пятра, якую штодня наведваюць тысячы пілігрымаў, у 2014 г. Францішак быў намаляваны ў тыповай паставе супермэна з белай палярынай, якая лунае на сутане, з выцягнутай правай рукой, сціснутай у кулак. У левай руцэ ён трымаў чорны партфель падобны да таго, з якім падарожнічае. На ім быў зменшчаны надпіс “valores”, гэта значыць каштоўнасці. З партфеля віднеўся шалік у колерах футбольнай каманды “San Lorenzo” з Буэнас-Айрэса, прыхільнікам якой ужо шмат гадоў з’яўляецца Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.