2017-10-05 14:18:00

Францішак: верныя караням асобы – шчаслівыя


Шчаслівы той, хто знаходзіць уласныя карані, бо “псіхалагічнае самавыгнанне” прычыняе вялікую шкоду, адзначыў Папа 5 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з кнігі Нээміі, якое апавядае пра заканчэнне перыяду знаходжання ізраільскага народу ў вавілонскім палоне. 

Шлях вяртання ізраільскага народу Францішак назваў “падарожжам з мэтай вяртання да каранёў”, якія за працяглы час аслаблі, але не былі страчаны. Адшуканне каранёў “азначае адшуканне народам сваёй прыналежнасці”; гэта важна, бо “народ без каранёў – хворы”, перасцярог Святы Айцец.

На гэтым шляху, аднак, прысутнічаюць шматлікія перашкоды і цяжкасці. Гаворка ідзе пра асобаў, якія аддаюць перавагу выгнанню – калі не фізічнаму, то псіхалагічнаму, патлумачыў Пантыфік. Гаворка ідзе пра “самавыгнанне супольнасці, грамадства”, якія лічаць за лепшае быць “пазбаўленым каранёў народам”. Гэтая хвароба, аднак, пазбаўляе адчування ўласнай прыналежнасці і чыніць вялікую шкоду, сказаў Францішак.

Асобы, верныя сваім караням, свайму паходжанню, – шчаслівыя, і са сваёй радасці чэрпаюць моц, дадаў Пантыфік і запрасіў шчыра прызнацца самім сабе, ці мы не закрываемся самі ў сабе, ці не выбіраем самавыгнанне, ці не дапускаем забыццё Пана. Францішак заклікаў прасіць Бога аб ласцы “плачу раскаяння” за грахі і плачу радасці па прычыне атрыманага прабачэння, а таксама аб навяртанні на шлях, які вядзе да знаходжання ўласных каранёў.








All the contents on this site are copyrighted ©.