2017-10-04 11:20:00

Францішак: няхай Бог бароніць свет ад тэрарызму


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 4 кастрычніка 2017 г. папа Францішак прывітаў дэлегацыю з Егіпта, якая прыбыла, каб благаславіць ікону з выявай Святой Сям’і, якая ўцякае ў егіпецкую зямлю ад пераследу караля Ірада.

“З цяплынёй успамінаю мой Апостальскі візіт на вашу добрую зямлю і да вашага шчодрага народу; на зямлю, дзе жыў св. Юзаф, Панна Марыя, Дзіцятка Езус і многія прарокі; зямлю, на працягу стагоддзяў благаслаўлёную каштоўнай крывёй мучанікаў і справядлівых; зямлю мірнага суіснавання і гасціннасці; зямлю сустрэчы, гісторыі і цывілізацыі. Няхай Пан благаславіць усіх вас і бароніць вашу краіну, Блізкі Усход і ўвесь свет ад тэрарызму і злога!”, - пажадаў Пантыфік.

Святы Айцец наведваў Егіпет напрыканцы сакавіка 2017 г. Яго падарожжа адбылося праз некалькі тыдняў пасля крывавых нападаў на мясцовую копцкую супольнасць. Адной з мэтаў візіта была дэманстрацыя салідарнасці з егіпецкімі хрысціянам перад абліччам тэрарыстычнай пагрозы.








All the contents on this site are copyrighted ©.