2017-10-03 14:33:00

Францішак прыме экспертаў па бяспецы дзяцей у інтэрнэце


Міжнародны кангрэс на тэму “Дзіцячая годнасць у лічбавым свеце” пачаўся 3 кастрычніка 2017 г. у Папскім грыгарыянскім універсітэце. У адкрыцці форума прыняў удзел бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, а таксама старшыня Сенату Італіі Пьетра Граса.  

У трохдзённым кангрэсе прымаюць удзел каля 140 вучоных, экспертаў, прадстаўнікоў праваахоўных органаў, няўрадавых арганізацый, рэлігій з усяго свету, а таксама кампаній “Microsoft”, “Facebook”, “Snapchat” і “Google”. 6 кастрычніка яны будуць прыняты на аўдыенцыі Папам, якому ўручаць супольную дэкларацыю.

“Міждысцыплінарны падыход неабходны па прычыне складанасці феномену, які не можа быць пераможаны адной арганізацыяй ці дзяржавай самастойна”, - заўважыў кс. Ганц Цольнер, дырэктар Цэнтра абароны дзяцей пры Папскім грыгарыянскім універсітэце і член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Кансультант Цэнтра, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, у сваю чаргу, заўважыў, што аб’яданне спецыялістаў з розных сфер і краін для барацьбы з педафіліяй у інтэрнэце цалкам прапарцыянальнае глабальнаму характару феномена.

“Касцёл не думае пра тое, каб станавіцца сусветным лідэрам, аднак у сілу досведу, які атрымаў, у сілу пакут, якія спазнаў у гэтай сферы, у сілу свядомасці, якую мае адносна праблемы абароны непаўналетніх, ён адчувае сябе ўключаным у гэта пытанне і жадае супрацоўнічаць з усімі, хто мае добрую волю і ўсведамленне сучаснага свету, і прагне працаваць у гэтай сферы, разам”, - сказаў ён.

Кангрэс “Дзіцячая годнасць у лічбавым свеце” быў арганізаваны Цэнтрам абароны дзяцей пры Папскім грыгарыянскім універсітэце і грамадскай арганізацыяй “WeProtect Global Alliance”, створанай у 2013 г. па ініцыятыве ўраду Вялікабрытаніі для абароны дзяцей ад сексуальных злачынстваў і злоўжыванняў у інтэрнэце.








All the contents on this site are copyrighted ©.