2017-10-03 11:08:00

Ватыкан: працягваецца судовы працэс аб растраце сродкаў


2 кастрычніка 2017 г. у Трыбунале Дзяржавы Ватыкан адбылося шостае пасяджэнне судовага працэсу, які тычыцца справы аб незаконным выкарыстанні фінансавых сродкаў падчас рэканструкцыі памяшканняў на верхнім паверсе палаца “San Carlo”, які належыць Губернатарату і куды пераехаў жыць кардынал Тарчызіа Бэртонэ пасля сыходу з пасады Дзяржсакратара. 

У абвінавачанні, прадстаўленым ватыканскім прамотарам справядлівасці Джан Пьетра Мілана, гаворыцца, што Джузэпэ Профіці, былы старшыня Фонду “Bambino Gesù”, і Масіма Спіна, яго скарбнік, незаконна выкарыстоўвалі сродкі Фонду і рабілі гэта ў інтарэсах кампаніі “Castelli Re S.p.a” прадпрымальніка Джанантоніа Бандэра. Правапарушэнне было ўчынена ў Ватыкане з лістапада 2013 г. па май 2014 г.

Джанантоніа Бандэра выступае ў працэсе ў якасці сведкі. Ён быў дапрошаны ў прысутнасці адвакатаў і судовай калегіі. Бандэра распавёў, што знаёмы з кардыналам Бэртонэ з 1991 г. і менавіта іерарх папрасіў яго здзейсніць будаўнічыя працы ў апартаментах і агульных частак палаца “San Carlo”.

Паводле яго слоў, не было ні падвоенай аплаты за працу, ні падвоеных квітанцый. Ён кіраваў кампаніяй да красавіка 2014 г. і не ведае, ці маглі яны быць пасля гэтага перыяду. Рэканструкцыя апартаментаў кардынала была аплочага Фондам “Bambino Gesù”, аднак кантракту на правядзенне гэтых прац не было. Што тычыцца агульных частак палацу, то кантракты на іх рамонт быў заключаны з Губернатаратам.

Джанантоніа Бандэра распавёў, што ў пэўны момант Губернатарат пажадаў аплаціць таксама і рэканструкцыю апартаментаў. Кампанія, якую ён узначальваў, адмовілася, паколькі на гэтыя працы не было заключана ніякіх дамоваў.

Па словах сведкі, былы старшыня Фонду “Bambino Gesù” Джузэпэ Профіці, прасіў яго здзейсніць буйное ахвяраванне. Нягледзячы на тое, што кампанія, якую ён узначальваў, знаходзілася ў “не вельмі добрай эканамічнай сітуацыі”, ён паабяцаў ахвяраваць 200 тыс. еўра, але не памятае, ці гэтыя сродкі прызначаліся Фонду ці шпіталю. Грошавы перавод, аднак, так і не быў зроблены.

Наступнае судовае пасяджэнне па гэтай справе пройдзе 6 кастрычніка. Падчас яго дадуць паказанні дырэкатар Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы (AIF) Тамазa Дзі Руца і дырэктар педыятрычнай клінікі “Bambino Gesu” Марыэла Энак.








All the contents on this site are copyrighted ©.