2017-10-02 13:36:00

Пантыфік: Божая любоў выражаецца ў жэстах


Божая любоў павінна больш выражацца ў евангелізацыйных жэстах, чым словах: усмешцы, маўчанні, адарацыі, цярплівасці, адзначыў Францішак падчас сустрэчы з удзельніцамі генеральнага капітула кангрэгацыі Малых сясцёр Езуса – манаскай супольнасці, заснаванай ў 1939 г. на падставе духоўнасці і дзейнасці бл. Шарля Дэ Фуко. Папа прыняў іх 2 кастрычніка 2017 г. у Ватыкане.

Больш за тысячу законніц з гэтай кангрэгацыі працуюць у розных частках свету. Нярэдка яны знаходзяцца ў складаных сітуацыях, побач з самымі малымі і беднымі, і не столькі, каб лячыць, вучыць і катэхізаваць іх, але, каб любіць, як рабіў Езус, каб абвяшчаць Евангелле жыццём, што складаецца з працы, прысутнасці, сяброўства, нічым не абумоўленай гасціннасці, сказаў Пантыфік.

“Мне прыгадваецца дыялог паміж дубам і міндальным дрэвам. Дуб сказаў міндальнаму дрэву: “Распавядзі мне пра Бога”, і яно расквітнела. Гэта тое, аб чым Касцёл просіць вас: квітнець, квітнець у жэстах Божай любові”, - заклікаў Святы Айцец законніц.

Папа нагадаў аб важнасці глыбокага духоўнага жыцця, якое дазваляе дзяліцца любоўю Пана з тымі, хто яе прагне, даваць евангельскае сведчанне бедным, якія яго чакаюць. Неабходна таксама еднасць унутры супольнасці, просты і сціплы лад жыцця, дух служэння, дыялог і паслухмянасць, сказаў Папа ўдзельніцам капітула кангрэгацыі Малых сясцёр Езуса.








All the contents on this site are copyrighted ©.