2017-10-01 12:56:00

Папа ў Балонні: бачу Хрыста ў кожным мігранце


“Бачу ў вас, як у кожным чалавеку, які стучыць у нашы дзверы, Езуса Хрыста”, - сказаў папа Францішак 1 кастрычніка 2017 г. падчас візіту ў рэгіянальны цэнтр прыёму мігрантаў і бежанцаў у Балонні. У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля тысячы асобаў, пераважна жыхароў Афрыкі і Азіі, якія атрымалі тут дапамогу.  

Нягледзячы на моцны дождж Святы Айцец на працягу доўгага часу асабіста вітаў прысутных і размаўляў з імі. Супрацоўніца цэнтра, жанчына мусульманскага веравызнання, надзела яму на руку жоўты пластыкавы браслет з ідэнтыфікацыйным нумарам – такі, які маюць усе мігранты, што прыбываюць сюды. 

Госці цэнтра ахвотна фатаграфаваліся з Папам. Некаторыя з іх трымалі ў руках таблічкі з надпісамі: “Я шмат бачыў вайну” або “Мы маем патрэбу ў дакументах”. Адзін з мігрантаў падарыў Францішку ўласнаручна намаляваны яго партрэт.

У сваёй прамове Святы Айцец заклікаў быць міласэрнымі да мігрантаў, а таксама крытычна выказаўся аб пазіцыі тых, хто не ведаючы гэтых людзей, дазваляе сябе цвёрдыя і халодныя суджэнні ў іх адрас. “Здалёк можам казаць і пісаць што заўгодна, як з лёгкасцю здараецца калі пішуцца жудасныя і абразлівыя выразы праз інтэрнэт”, - сказаў ён. 

Францішак пажадаў, каб большая колькасць краін прыняла праграмы прыняцця мігрантаў і бежанцаў і адкрыла гуманітарныя калідоры для людзей, якія знаходзяцца ў цяжкіх сітуацыях.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа нагадаў, што Балоння – гэта адзін з першых еўрапейскіх гарадоў, дзе былі вызвалены ўсе рабы. Жыхары Балонні “не спужаліся прыняць тых, якія не лічыліся “асобамі” і прызнаць у іх людзей. Запісалі ў кнігі імёны кожнага з іх! Як бы я хацеў, каб вашы імёны былі запісаны і засталіся ў памяці, каб разам знайсці, як адбылося тады, супольную будучыню”, сказаў мігрантам Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.