2017-09-30 14:58:00

Рада епіскапатаў размаўляла аб місіі Касцёла ў Еўропе


Трэці дзень пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы быў прысвечаны місіі Касцёла на кантыненце. Раніцай 30 верасня 2017 г. іерархі сабраліся на малітву, якую ўзначаліў арцыбіскуп Познаньскі Станіслаў Гандэцкі, віцэ-старшыня Рады. 

Пасля ўводзінаў у тэму дня прайшла праца ў групах. Біскупы казалі пра тое, што Еўрапейскі Саюз павінен спрыяць любові паміж народамі. Калі яна магчыма паміж людзьмі, будзе магчыма таксама і сярод еўрапейскіх народаў, заўважыў на прэс-канферэнцыі кардынал Анджэла Баньяска, старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.

“Еўропа, перш чым геаграфічная тэрыторыя, гэта таксама духоўнае і этычнае заданне. У гэтай сферы Еўрапейскі Саюз павінен працаваць, каб знайсці самога сябе, сваё аблічча, сваю будучыню, свой лёс, каб здолець зноў “закахаць” еўрапейцаў, еўрапейскага чалавека, у мару аб аб’яднанні, а не дамінаванні ці стандартызацыі. Еўрапейскі Саюз павінен адчуваць сябе маці, а не мачыхай. Павінен адчуваць сябе больш “лёгкай” рэчаіснасцю, а не цяжкой і прыгнятаючай. Гэта, аднак, не азначае, што ён павінен быць павярхоўным, менш тоесным і менш эфектыўным. Наадварот – ён будзе плённым, бо ўвойдзе ў сэрца народаў, як цудоўная і ўзбагачаючая рэчаіснасць”, - сказаў італьянскі кардынал.

Па словах старшыні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, неабходны змены ў фундаменце інтэграцыі на кантыненце. Еўропа павінна распазнаць сваё духоўнае заданне, а не быць толькі палітычным, фінансавым, эканамічным, абарончым аб’яднаннем. У гэтай сферы важнай з’яўляецца роля Касцёла, які павінен несці “слабымі рукамі” чалавека моцнае пасланне Езуса Хрыста.

“Евангелле, якім з’яўляецца Езус Хрыстус – слова, якое стала Целам, відавочна з’яўляецца адказам на настальгію, глыбокае жаданне, дабра, прыгажосці, жыцця, шчасця, якое мае чалавек. Гэта глыбокая патрэба, гэта глыбокае жаданне, прагненне, можа быць заглушана, як у асабістым сумленні, так і ў калектыўным, але ніколі не можа быць забіта, ніколі не можа памерці”, - дадаў іерарх.

У другой палове дня пройдзе зацвярджэнне тэксту, які будзе накіраваны ў Сакратарыят Сіноду і выніковага паведамлення аб працы форума. Вечарам еўрапейскія іерархі наведаюць праваслаўную царкву Усіх Святых у Мінску, пасля чаго накіруюцца ў сталічны касцёл Найсвяцейшай Тройцы на супольную Эўхарыстыю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.