2017-09-28 15:55:00

Папа да біскупаў Еўропы: спрыяць салідарнасці і братэрству


Францішак прывітаў удзельнікаў пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое 28 верасня-1 кастрычніка 2017 г. праходзіць у Мінску. Адмысловую тэлеграму ён адправіў за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

“Святы Айцец скіроўвае сваё сардэчнае прывітанне ўдзельнікам пленарнай асамблеі Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы і заклікае працягваць важную справу, накіраваную на вызначэнне шляхоў душпастырскага супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі, раскрываючы патэнцыял адметнасцяў і спрыяючы ініцыятывам салідарнасці і братэрства. 

Яго Святасць жадае, каб сустрэча пасадзейнічала ўмацаванню повязяў адзінства і еднасці паміж еўрапейскімі біскупамі, даючы новы і адважны імпульс місіі Касцёла ў Еўропе, асабліва на карысць моладзі, каб дапамагчы ёй раскрыць, у святле веры, уласнае пакліканне ў хрысціянскай супольнасці і грамадстве. З гэтымі пачуццямі ён просіць трываць у малітве за яго і ахвотна ўдзяляе апостальскае благаслаўленне”, - гаворыцца ў дакуменце.

Пасланне Францішка зачытаў арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі нунцый у Беларусі, падчас першага пасяджэння форума, якое прайшло вечарам 28 верасня ў мінскай Ратушы. З прывітальнымі словамі да яго ўдзельнікаў звярнуўся таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, спадар Васілій Жарко, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, спадар Андрэй Шорац, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел. 








All the contents on this site are copyrighted ©.