2017-09-27 13:07:00

Святы Айцец: надзея падтрымлівае жыццё


Бог стварыў нас для шчасця і радасці, а не для таго, каб мы задыхаліся ў меланхалічных думках, нагадаў папа Францішак 27 верасня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён казаў аб ворагах надзеі і небяспецы духоўнай пустаты.

Спасылаючыся на старажытнагрэчаскі міф пра куфэрак Пандоры, Пантыфік заўважыў, што акрамя шматлікіх бедаў, на самым яго дне, знаходзіўся маленькі дар – надзея. “Няпраўда, што, як кажуць: “Пакуль жывеш, спадзяешся”. Якраз наадварот: гэта надзея падтрымлівае жыццё, бароніць яго, ахоўвае і дазваляе расці. Калі б людзі не ўзрошчвалі надзею, калі б не падтрымлівалі гэту цноту, ніколі б не выйшлі з пячоры і не пакінулі б следу ў гісторыі свету. Надзея – гэта сама боскае, што можа быць у сэрцы чалавека”, - сказаў Папа.

Цытуючы словы французскага паэта і філосафа Шарля Пегі, Францішак нагадаў, што Бога не столькі ўражвае вера людзей, колькі іх надзея. Яна з’яўляецца імпульсам у сэрцы мігрантаў, якія пакідаюць свой дом, зямлю, сваякоў і бацькоў, каб шукаць новага жыцця, больш годнага для сябе і сваіх блізкіх, а таксама ў сэрцы людзей, якія іх прымаюць, жадаючы сустрэчы, знаёмства і дыялогу, сказаў Папа і заклікаў да салідарнасці з бежанцамі.

“Надзея – гэта не цнота сытых людзей. Вось чаму бедныя спрадвеку былі першымі носьбітамі надзеі. У гэтым сэнсе мы можам сказаць, што бедныя, таксама і жабракі, з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі гісторыі. Бог патрабаваў іх, каб увайсці ў свет: Юзафа і Марыю, бэтлеемскіх пастухоў. У ноч першага Божага Нараджэння свет спаў, захутаўшыся ў шматлікіх здабытых упэўненасцях. Але пакорныя людзі таемна рыхтавалі рэвалюцыю дабрыні. Яны былі бедныя ва ўсім, некаторыя ледзьве трымаліся над парогам выжывання, але былі багатымі самым каштоўным дабром, якое ёсць у свеце, гэта значыць жаданнем пераменаў”, - сказаў Пантыфік. 

Па словах Папы, “часам атрымаць усё ад жыцця – гэта няшчасце”, як у выпадку маладога чалавека, якога не навучылі цноце чакання і цярплівасці, якому не даводзілася “пацець” дзеля чагосьці, які пераскочыў праз этапы і ў дваццацігадовым узросце ўжо ведае “што такое жыццё” і нічога не прагне.  

“Пустая душа – гэта горшая перашкода для надзеі. Ад гэтай пагрозы ніхто не абаронены, бо сустрэцца са спакусай супраць надзеі можна нават на шляху хрысціянскага жыцця. Старажытныя законнікі асуджалі самага кепскага ворага руплівасці, якім з’яўляецца “паўдзённы дэман”, што аслабляе актыўнае жыццё, менавіта тады, калі сонца ззяе яшчэ высока. Гэта спакуса нас застае калі менш гэтага чакаем: дні становяцца аднастайнымі і смутнымі і больш ніякія каштоўнасці нам здаюцца не вартымі высілкаў. Гэта называецца роспаччу, што раз’ядае жыццё знутры, пакідаючы яго як пусткую абалонку”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў змагацца з гэтай спакусай, таму што “Бог стварыў нас для радасці і шчасця, а не для таго, каб мы задыхаліся ў меланхалічных думках”.

“Вось чаму важна бараніць сваё сэрца, супраціўляючыся спакусам няшчасця, якія дакладна не паходзяць ад Бога. Там, дзе нашы сілы здаецца слабеюць і барацьба з трывогай асабліва цяжкая, мы можам заўсёды прыбягаць да імя Езуса. Мы можам паўтараць гэту простую малітву, сляды якой знаходзім таксама ў Евангеллі, і якая стала асновай шматлікіх хрысціянскіх духоўных традыцый: “Пане Езу Хрысце, Сыне Божы, змілуйся нада мною грэшным”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што хрысціяне не змагаюцца з роспачу самастойна. “Калі Езус перамог свет, Ён здольны перамагчы ў нас усё тое, што супрацьстаіць дабру. Калі Бог з намі, ніхто не скрадзе ў нас гэту цноту, у якой мы маем абсалютную патрэбу, каб жыць. Ніхто не скрадзе ў нас надзею”, - закончыў сваю катэхезу папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.