2017-09-23 12:45:00

Ватыкан: новыя падрабязнасці справы растраты сродкаў фонду


“Губернатарат аплаціў наперад рэканструкцыю апартаментаў кардынала Бэртонэ, які ў лісце заявіў, што пакрые выдаткі”, - сказаў Марка Баргеліні, кіраўнік унутранай будаўнічай службы Дырэкцыі тэхнічных службаў Губернатарату Дзяржавы Ватыкан. Ён удакладніў, што не ведаў пра “іншыя плацяжы за рэканструкцыю, здзейсненыя Фондам “Bambino Gesù”.

Баргеліні выступіў сведкаў на пятым пасяджэнні судовага працэсу, які праходзіць у Трыбунале Дзяржавы Ватыкан і тычыцца справы аб незаконным выкарыстанні фінансавых сродкаў падчас рэканструкцыі памяшканняў на верхнім паверсе палацу “San Carlo”, які належыць ватыканскаму Губернатарату, і куды пераехаў жыць кардынал Тарчызіа Бэртонэ пасля сыходу з пасады Дзяржсакратара. На гэтыя мэты было прызначана 422 тыс. еўра з сродкаў Фонду.

У абвінавачанні, прадстаўленым ватыканскім прамотарам справядлівасці Джан Пьетра Мілана, гаворыцца, што Джузэпэ Профіці, былы старшыня Фонду “Bambino Gesù”, і Масіма Спіна, яго скарбнік, незаконна выкарыстоўвалі сродкі Фонду і рабілі гэта ў інтарэсах кампаніі “Castelli Re S.p.a”, прадпрымальніка Джанантоніа Бандэра. Правапарушэнне было ўчынена ў Ватыкане з лістапада 2013 г. па май 2014 г.

Марка Баргеліні распавёў, што праект рэканструкцыі не быў перададзены ў Дырэкцыю тэхнічных службаў і быў “спансіраваны” кардыналам Бэртонэ. Ён не быў прадугледжаны бюджэтам, а “суб’ект, які прызначыў кампанію для правядзення прац, быў даверным уласнікам маёмасці і прымаў на сябе адпаведныя эканамічныя выдаткі”.

У 2013 г. кардынал Бэртонэ папрасіў зрабіць рэканструкцыю на верхнім паверсе палацу “San Carlo”, паколькі на працягу дзесяцігоддзяў там ніхто не пражываў і не праводзіліся звычайныя рамонтныя працы. Ён таксама указаў на “студыю архітэктара Таскані”, як адказную за праектныя працы і кампанію “Castelli Re S.p.a”, адказную за будаўнічыя працы. У лістападзе 2013 г. Губернатарат зацвердзіў каштарыс і праект.

Былі зацверджаны два віды прац: адны тычыліся апартаментаў, а іншыя – “агульных частак” палацу “San Carlo”, якія знаходзіліся ў веданні Губернатарату. “Паўстала праблема рэканструкцыі тэрасы” і ў гэтай сітуацыі Дырэкцыя тэхнічных службаў занялася “вывучэннем, праектам, каштарысам”. Такім чынам працы мелі “два будаўнічыя заказы: першы тычыўся апартаментаў з бюджэтам у 350 тыс. еўра, а іншы – тэрасы, з бюджэтам у 179  тыс. еўра”, распавёў сведка.

Першапачаткова каштарыс на рэканструкцыю апартаментаў, склаў 615 тыс. еўра, але “Castelli Re S.p.a” пагадзілася зрабіць 50% зніжку. Такім чынам сума паменшылася да 308 тыс. еўра. Яна была “палічана падыходзячай”. Нягледзячы на тое, што выдаткі на рэканструкцыю браў на сябе кардынал Бэртонэ, усё павінна была быць зацверджана “вышэйстаячымі ўладамі”, як і адбылося. Такім чынам быў складзены новы бюджэт, які складаўся з каштарыса, прапанаванага кампаніяй “Castelli Re S.p.a”, а таксама выдаткаў у 20 тыс. еўра, якія Губернатарат вылучыў на правядзенне газу, святла і вады.

Марка Баргеліні дадаў, што “для рэалізацыі рамонтных прац, як у апартаментах, так і ў агульных частках палацу “San Carlo”, існавалі две розныя фінансавыя дамовы паміж Губернатаратам і “Castelli Re S.p.a”. Ён выключыў, што Губернатарат ведаў аб “існаванні іншых структур, якія павінны былі фінансаваць працы”. 

Сведка распавёў, што за рэканструкцыю апартаментаў Губернатарат заплаціў 308 тыс. еўра плюс 24 тыс. склалі выдаткі на змены, якія праводзіліся ў ходзе прац. Ён сказаў, што не ведае, “ці былі яны таксама пакрыты кардыналам Бэртонэ, які іх ухваліў”. 

На пытанне аб тым, чаму Губернатарат выбраў кампанію “Castelli Re S.p.a” для рэканструкцыі агульных частак палацу “San Carlo”, Баргеліні патлумачыў, што яна “ўжо праводзіла працу і паставіла будаўнічыя рыштаванні”.

Пасля допыту сведкі, выступілі: адвакат Масіма Спіны, Альфрэда Аттавіяні; былы генеральны дырэктар і былы віцэдырэктар Інстытута рэлігійных спраў Паола Цыпрыяні і Масіма Тулі; а таксама Паола Меніні, былы дэлегат Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. Яны выключылі, што былы скарбнік “меў уладу ставіць подпіс адносна сродкаў Фонду “Bambino Gesù” пры Інстытуце рэлігійных спраў, або распараджацца сродкамі Фонда пры Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. Гэта было толькі ў кампетэнцыі былога дырэктара Фонда “Bambino Gesù” Джузэпэ Профіці.








All the contents on this site are copyrighted ©.