2017-09-22 12:40:00

Францішак: цвярозасць – адна з умоваў шчаслівага жыцця


Пантыфік нагадаў аб каштоўнасці цвярозага жыцця і небяспецы алкагалізму. Гэтай тэме прысвечана пасланне, якое ён скіраваў за подпісам арцыбіскупа Анджэла Бэчу, субстытута Дзяржсакратарыяту, да ўдзельнікаў польскага Нацыянальнага кангрэсу цвярозасці. Форум праходзіць 21-23 верасня 2017 г. у Варшаве. 

“Яго Святасць прагне нагадаць, што цвярозасць з’яўляецца адной з фундаментальных умоваў шчаслівага жыцця чалавека. Яе адсутнасць знішчае лучнасць з Богам, Касцёлам, знішчае людзей, сем’і і міжчалавечыя адносіны. Таму ад клопату аб цвярозасці нельга адмовіцца”, - гаворыцца ў пасланні. 

Разам з удзельнікамі Кангрэсу Пантыфік спадзяецца, што ён натхніць вялікую колькасць людзей добрай волі да абмеркавання праблемы алкагалізму і ўкажа, што адной з важнейшых праяваў любові да бліжняга з’яўляецца клопат аб выхаванні маладога пакалення ў духу абстыненцыі, а таксама клопат аб цвярозасці дарослых.

Папа нагадаў свой заклік да маладых палякаў, скіраваны ў 2016 г. падчас Сусветны дзён моладзі ў Кракаве, каб “не гублялі цудоўныя гады свайго жыцця і сілы на гонку за гандлярамі фальшывых ілюзій”, бо сёння такіх гандляроў шмат і трэба папярэджваць аб іх небяспецы.

Падтрымліваючы сустрэчу сваёй малітвай, Святы Айцец пажадаў, каб яна стала асабліва плённай для з’яднання ўсяго грамадства ў клопаце аб цвярозасці, якая з’яўляецца важнай умовай сапраўднай любові, напісаў ад імя Папы адзін з яго бліжэйшых супрацоўнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.