2017-09-22 13:27:00

Святы Пасад: паважаць правы і культуры карэнных народаў


Паважаць правы і культуры карэнных народаў заклікаў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе. Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у пасяджэнні ў рамках 36-й сесіі Рады па правах чалавека, якое было прысвечана правам карэнных народаў.  

Па словах ватыканскага дыпламата “усе павінны быць гаспадарамі свайго лёсу”. Да інтэгральнага развіцця нельга прымушаць, але ў той жа час, кожная асоба і сям’я павінна мець магчымасць, каб развівацца. “Канцэпцыя якасці жыцця не можа быць навязана звонку, але павінна адпавядаць звычаям кожнай чалавечай групы”, - падкрэсліў ён.

Арцыбіскуп Юркавіч адзначыў, што “абарона і падтрымка культурнага, сацыяльнага і эканамічнага жыцця карэнных народаў павінны прызнанавацца ўсімі як служэнне, якое аказваецца чалавечай сям’і”, у тым ліку “будучым пакаленням”. 

“Святы Пасад спрыяе пошуку супрацоўніцтва з карэннымі народамі”, напрыклад праз “складанне падручнікаў па граматыцы і здзяйсненне перакладаў на мовы, якія часта знаходзяцца пад пагрозай знікнення”, а таксама спрыяючы “абароне іх культурных, сацыяльных, палітычных і эканамічных правоў”, дадаў іерарх.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі ў ААН нагадаў пра важнасць прадастаўлення магчымасцяў карэнным народам для ўдзелу ў нацыянальным і міжнародным жыцці. Павага да іх ведаў, культур і традыцыйных практык садзейнічае больш роўнаму і ўстойліваму развіццю і належным адносінам да навакольнага асяроддзя, адзначыў ён.

На заканчэнне прамовы арцыбіскуп Іван Юркавіч падкрэсліў, што карэнныя народы “павінны быць асноўным партнёрам па дыялогу, калі ўзнікаюць вялікія праекты, што закранаюць іх родныя землі”. У гэтым святле ён заклікаў да вырашэння праблематычных адносін паміж міжнароднымі кампаніямі і карэннымі народамі, асабліва на тэрыторыях, дзе развіваецца здабываючая прамысловасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.