2017-09-22 15:28:00

Папа прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Перу


22 верасня 2017 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Перу Педра Пабла Кучынскага Гадарда. Пасля размовы са Святым Айцом палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў кс. Антуан Камільеры, падсакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

“У ходзе перамоў, якія прайшлі ў сардэчнай атмасферы, адзначаліся добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Перу, важным момантам якіх стане Апостальскае падарожжа Папы” у гэту краіну, запланаванае на 18-21 студзеня 2018 г. з наведваннем гарадоў Ліма, Пуэрта-Мальданада і Трухільё.

Бакі абмеркавалі некаторыя тэмы, якія ўяўляюць супольны інтарэс, сярод якіх выхаванне моладзі, ахова навакольнага асяроддзя, развіццё і барацьба з беднасцю. Адзначаўся ўклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё перуанскага грамадства, а таксама закраналіся рэгіянальныя і міжнародныя пытанні, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.