2017-09-21 12:00:00

Святы Пасад далучыўся да Дагавора аб забароне ядзернай зброі


Святы Пасад ратыфікаваў Дагавор аб забароне ядзернай зброі. Свой подпіс пад гэтым дакументам на ўрачыстай цырымоніі, якая прайшла 20 верасня 2017 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, паставіў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. Затым ён уручыў Генеральнаму сакратару ААН адмысловую ратыфікацыйную грамату. 

Дагавор аб забароне ядзернай зброі – гэта міжнароднае пагадненне, якое забараняе распрацоўку, выпрабаванне, захоўванне, набыццё, транспартаванне і выкарыстанне ядзернай зброі. Ён быў прыняты 7 ліпеня 2017 г. на заканчэнне Канферэнцыі ААН, прысвечанай узгадненню юрыдычна абавязковага інструмента па пытаннях ядзернага раззбраення. 

Удзельнікі Канферэнцыі працавалі над тэкстам праекта з 27 па 31 сакавіка і з 15 чэрвеня па 7 ліпеня 2017 г. Усяго было праведзена 20 пленарных пасяджэнняў. На апошнім з іх тэкст юрыдычна абавязковага дакумента аб забароне ядзернай зброі быў вынесены на галасаванне. Яго падтрымалі 122 дзяржавы. Нідэрланды прагаласавалі супраць, Сінгапур устрымаўся. Многія дзяржавы не прымалі ніякага ўдзелу ў працы Канферэнцыі, у тым ліку ўсе дзевяць краін “Ядзернага клуба”: ЗША, Расія, Кітай, Вялікабрытанія, Францыя, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя і Ізраіль.








All the contents on this site are copyrighted ©.