2017-09-21 14:20:00

Папа: барацьба з мафіяй – прыярытэт сапраўднай палітыкі


Сапраўдная палітыка павінна разглядаць барацьбу з мафіяй у якасці свайго прыярытэту, бо мафія крадзе супольнае дабро, пазбаўляючы надзеі і годнасці людзей, сказаў Папа падчас аўдыенцыі для членаў італьянскай Парламенцкай камісіі па барацьбе з мафіяй. Сустрэча адбылася 21 верасня 2017 г. у Ватыкане. Акрамя парламентарыяў у ёй прынялі ўдзел суддзі, прадстаўнікі праваахоўных органаў, эксперты па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

У сваёй прамове Пантыфік нагадаў евангельскія словы, што “з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства” (Мк 7, 21-22).

Менавіта ў сэрцы чалавек падвяргаецца спакусам апартунізму, падману і махлярства. Затым ён закрываецца ў самадастатковасці і прыходзіць да самазадаволенасці і прэтэнзіі на тое, каб стаць нормай усяго і ўсіх. Вынік гэтага – палітыка, скіраваная на пошук прыватных інтарэсаў і заключэння непразрыстых дамоў, “заглушэнне заклікаў сумлення, баналізацыя зла, блытанне праўды з падманам і злоўжыванне публічнай адказнасцю”.

Гаворачы аб барацьбе з мафіяй, Святы Айцец у першую чаргу адзначыў важнасць выкаранення карупцыі, якая ўяўляе сабой “урадлівую глебу, дзе мафіёзныя групоўкі пускаюць карані і развіваюцца”, а таксама шкодзіць “здаровай канкурэнцыі і прыходу інвестыцый”.

Па словах Францішка, змагацца з мафіяй, значыць не толькі душыць яе дзейнасць, важна таксама прыкладаць намаганні на двух узроўнях: палітычным і эканамічным, праз спрыянне большай сацыяльнай справядлівасці, бо мафія прапануе сябе ў якасці “альтэрнатыўнай сістэмы”, там дзе людзі не маюць працы, жылля, адукацыі і медыцынскай дапамогі, а таксама праз барацьбу з механізмамі, якія ствараюць няроўнасць і беднасць.

Неабходныя таксама намаганні ў фінансавай сферы, каб не дазволіць мафіі абагачацца за кошт продажу наркотыкаў, зброі, гандлю людзьмі, пераапрацоўкі таксічных адходаў, атрымання падрадаў на вялікія аб’екты, азартных гульняў і вымагальніцтва.

Не менш важным, на думку Папы, з’яўляецца “будаванне новай грамадзянскай свядомасці”, якая будзе прадугледжваць клопат і адказнасць адно за аднаго і за супольнае дабро, справядлівае і сацыяльнанакіраванае выкарыстанне канфіскаванай у мафіі маёмасці. Патрэбна таксама дапамога людзям, якія асуджаюць дзейнасць мафіі, сведкамі якой сталі, асабліва шматлікім жанчынам і маці.

Парламенцкая камісія па барацьбе з мафіяй была заснавана ў 1962 г. У яе склад уваходзяць па 25 прадстаўнікоў абедзьвюх палат італьянскага парламента. За больш чым 50 гадоў дзейнасці гэтай структуры, яе члены былі прыняты Пантыфікам на афіцыйнай аўдыенцыі ўпершыню. Ватыканская сустрэча прайшла у 27-ю гадавіну смерці Разарыа Ліваціна і 25-ю гадавіну смерці Джавані Фальконэ і Паола Барсэліна – італьянскіх суддзяў, забітых сіцылійскай мафіяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.