2017-09-20 14:25:00

Святы Пасад пра рост ядзернага арсенала Паўночнай Карэі


Апостальская Сталіца чарговы раз выказала занепакоенасць у сувязі з развіццём ядзернага арсенала Паўночнай Карэі. Цяпер аб гэтым заявіў сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кс. Бруно-Мары Дзюфэ, які прымае ўдзел у пасяджэнні Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі ў Вене. Ён падкрэсліў выключную важнасць гэтага інстытута для ядзернага нераспаўсюджвання і ядзернага раззбраення.

Гаворачы аб дзеяннях Паўночнай Карэі, мансіньёр падкрэсліў, што яны ўяўляюць сабой пагрозу для міру і бяспекі ў рэгіёне і ўплываюць на меры па нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, аднак, што сапраўдны выхад з гэтай крызіснай сітуацыі не мае ваеннага рашэння і заклікаў да пастаянных і цярплівых намаганняў па аднаўленні перамоў па ядзерным раззбраенні ў гэтай краіне.

Нядаўна адзін з кіраўнікоў ватыканскай дыпламатыі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, заявіў, што Карэйскі крызіс варта разглядаць у больш шырокім кантэксце “беспрэцэдэнтнай небяспекі”, самай значнай з часоў Другой сусветнай вайны. Апостальская Сталіца “вельмі занепакоена” гэтым, застаючыся “прыхільніцай садзейнічання бяз’ядзернаму свету”, заснаванаму “на этыцы братэрства, а не агрэсіі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.