2017-09-18 13:43:00

Францішак: адсутнасць малітвы за кіраўнікоў – грэх


Аб хрысціянскім абавязку малітвы за людзей ва ўладзе нагадаў Францішак 18 верасня 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён адзначыў, што таксама і тыя, хто мае ўладу павінны маліцца, у адваротным выпадку рызыкуюць замкнуцца на сабе.

У сваёй гаміліі Святы Айцец спаслаўся на Першае пасланне св. Паўла да Цімафея (1 Цім 2,1-8), дзе апостал заклікае хрысціян маліцца за ўсіх людзей, у тым ліку за каралёў і за тых, хто мае ўладу, а таксама на фрагмент Евангелля св. Яна (Ян 3, 16) , у якім ідзе мова пра малітву сотніка, прадстаўніка ўлады. Папа адзначыў, што гэты сотнік адчуваў жаданне маліцца, бо разумеў, што не з’яўляецца гаспадаром усяго, не з’яўляецца апошняй інстанцыяй. Ён ведаў, што над ім ёсць Іншы, Які кіруе. Сам меў падначаленых, але ведаў, што мае ўладу над сабой. А гэта схіляе да малітвы.

“Калі чалавек, які мае ўладу не моліцца, ён зачыняецца ў асабістай або партыйнай аўтарэферэнтнасці, у коле, з якога няма выйсця. Ён зачыняецца ў сабе. Але калі бачыць рэальныя праблемы, пачынае разумець сваю падпарадкаванасць, што ёсць Іншы, Хто мае больш улады”, - патлумачыў Францішак і дадаў, што малітва чалавека ва ўладзе з’яўляецца просьбай да Бога за даручаных яму людзей, шансам не страціць свядомасці свайго падпарадкавання Богу і людзям. 

Святы Айцец даў параду таксама няверуючым палітыкам. Ён рэкамендаваў ім рабіць рахунак сумлення і весуці адкрытыя дыскусіі з мудрымі людзьмі, каб не апынуцца сярод невялікай групы падхалімаў з шэрагаў сваёй уласнай партыі.

Францішак нагадаў таксама, што св. Павел заклікае вернікаў маліцца за каралёў, “каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці”.

“Я прашу вас аб паслузе: няхай кожны з вас падумае пра гэта на працягу пяці хвілін, не больш. Калі ты той, хто мае ўладу, пастаў сабе пытанне: “Ці малюся да Таго, хто даў мне ўладу над людзьмі?”. Калі ў цябе няма ўлады: “Ці малюся за кіраўнікоў? (...) Ці малюся за ўсіх кіраўнікоў?”, - звярнуўся Папа да сабраных у капліцы Дому св. Марты. Ён параіў, калі падчас рахунку сумлення высветліцца, што нехта не маліўся за людзей ва ўладзе, – вызнаць гэта як грэх на споведзі. “Адсутнасць малітвы за кіраўнікоў з’яўляецца грахом”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.