2017-09-14 12:40:00

Францішак аб спакусе нясення крыжа без Хрыста


Францішак нагадаў пра дзве небяспечныя духоўныя спакусы: першая – успрымаць Хрыста ў адрыве ад крыжа, проста як “духоўнага настаўніка”, а другая – несці крыж без Хрыста, без надзеі, што назваў свайго роду “духоўным мазахізмам”. Аб гэтым Папа казаў 14 верасня 2017 г. – у свята Узвышэння Святога Крыжа – падчас Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Яна стала першай пасля перыяду летняга адпачынку.

У гаміліі Францішак заўважыў, што таямніцу любові, якая ўтрымліваецца ў Хрыстовым крыжы, зразумець нялёгка. Калі Езус хацеў растлумачыць яе Нікадэму, выкарыстаў два дзеясловы: “сысці” і “ўзысці”. “Езус сышоў з Неба, каб дапамагчы ўсім нам узысці на Неба”. Гэта таямніца крыжа, падкрэсліў Папа.

Ён нагадаў словы св. Паўла аб тым, што Збаўца прынізіў сябе, стаўшы паслухмяным аж да смерці. “Вось сыход Езуса: аж да апошняга, аж да прыніжэння; Ён выракся сябе з любові, і таму Бог узвысіў і ўзнёс Яго. Толькі калі мы здолеем зразумець гэты сыход аж да канца, зможам зразумець збаўленне, якое дае нам гэта таямніца любові”, - дадаў Францішак.

На гэтым шляху, паводле яго, сустракаюцца дзве духоўныя небяспекі. Пра першую апостал Павел вельмі цвёрда казаў галатам, калі яны паддаліся спакусе і, не ўваходзячы ў таямніцу любові, проста тлумачылі яе. Як змей падмануў Еву, таксама і яны былі падмануты “памылковым разуменнем Хрыста без крыжа, або крыжа без Хрыста”, лічыць Пантыфік. 

Першая спакуса заключаецца ў тым, каб бачыць у Хрысце толькі “духоўнага настаўніка”, а не Пана. Другая – баяцца застацца ўнізе, з цяжарам грахоў, без надзеі. Такі “крыж без надзеі” з’яўляецца “духоўным мазахізмам” і “таямніцай трагедыі”, на падабенства язычніцкіх трагедый, лічыць Папа.

“Крыж – гэта таямніца любові. Крыж – верны. Крыж – шляхетны. Зараз мы можам на хвіліну задумацца і спытаць сябе: “Ці з’яўляецца ўкрыжаваны Хрыстус для мяне таямніцай любові? Можа бяру на сябе крыж без Хрыста, заўсёды наракаючы, практыкуючы “мазахізм” духа? Або дазваляю весці сябе гэтай таямніцы прыніжэння, поўнага вырачэння і ўзвышэння ў Пану?”, - заклікаў прысутных на св. Імшы вернікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.