2017-09-14 15:01:00

Папа да новых біскупаў: мець пакору і здольнасць слухаць


З пакорай суправаджаць сучаснага чалавека на яго нялёгкім шляху, заклікаў Францішак біскупаў, прызначаных за апошні год. 114 іерархаў ён прыняў 14 верасня 2017 г. на аўдыенцыі ў Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу. У сваёй прамове Пантыфік нагадаў аб патрабаваннях, неад’емных для біскупскага служэння, а таксама спакусах, якія пагражаюць “ласцы быцця пакліканымі Богам, каб кіраваць статкам”.

У першую чаргу Пантыфік заклікаў “маладых” іерархаў пазбягаць “нерухомасці” жыцця, паводле прынцыпаў: “заўсёды так было” і “трэба падумаць”. Неабходна мець здаровую разважлівасць, якая дапамагае зразумець, што “не да ўсіх сітуацый падыходзяць аднолькавыя рашэнні” і не ўсе прапановы з мінулага маюць евангельскую вартасць сёння. “Не дазвольце зняволіць сябе настальгіяй па тым, што можна было мець адзін адказ на ўсе выпадкі”, - папярэдзіў Папа.

Францішак нагадаў, што місія біскупаў заключаецца не ў рэалізацыі ўласных ідэй і праектаў, нібыта Касцёл, гэта іх “хатні сад”. Важна пакорна, без геройства і самалюбавання, даваць сведчанне адзінства з Богам, служачы Евангеллю і дапамагаючы яму прарасці ў канкрэтных сітуацыях. 

Вышэй за ўласныя задумы, на яго думку, для біскупа павінна стаяць паслухмянасць Евангеллю, вучэнню, якое яго ахоўвае, нормам Касцёла, якія яму служаць, і канкрэтныя сітуацыі людзей. У наш час чалавек працягвае “крычаць аб тым, што патрабуе дапамогі, каб пераадолець драматычныя сітуацыі, якія яго акружаюць; каб яго па-бацькоўску вялі па змрочным шляху, што кідае яму выклік; каб атрымаць настаўленне ў таямніцы ўласнага пошуку праўды і шчасця”, сказаў ён.

Каб адказаць на гэтыя патрабаванні, біскуп павінен быць моцна ўкаранёным у малітве, устанавіць “прыватныя” адносіны з Богам. Без гэтага “немагчыма стаць добрымі метэаролагі”, здольнымі распазнаць, што адбываецца “на Небе і на зямлі”, - сказаў Пантыфік.

Біскуп павінен быць здольным прыслухоўвацца да сваіх прэзбітэраў, дыяканаў, і ўсіх, хто можа даць яму карысныя парады, згодна са словамі раннехрысціянскага аскета Дарафея Газскага: “Калі ў нішто ставіш брата і лічыш сябе вышэйшым, прыходзіш да таго, што заганарышся супраць самаго Бога”, заўважыў Святы Айцец.

Ён таксама заклікаў біскупаў да “спакойнага дыялогу”, без страху “дзяліцца ўласнымі разважаннямі, а часам нават змяняць іх, з іншымі”, сярод якіх браты ў біскупстве, святары і свецкія вернікі. Важна ўмець слухаць, умацоўваючыся ў свабодзе, якая дазваляе адмовіцца ад уласнага пункту гледжання, “калі ён аказваецца частковым і недастатковым”, каб прыняць пункт гледжання Бога.  

Новапрызначаныя біскупы, да якіх звярнуўся Папа, прыбылі ў Рым у рамках спецыяльнай пілігрымкі, арганізаванай Кангрэгацыяй па справах Біскупаў і Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.