2017-09-13 14:52:00

Рада кардыналаў: больш моладзі і жанчын у Рымскай курыі


Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам было галоўным чынам прысвечана вывучэнню стану прапановаў адносна рэформы Рымскай курыі, якія Рада ўручыла папу Францішку, паінфармаваў Грэг Бёрк, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Бліжэйшыя дарадчыкі Пантыфіка правялі нараду 11-13 верасня 2017 г. у Ватыкане. Пантыфік прысутнічаў на ёй толькі ў аўторак, па прычыне візіту ў Калумбію і агульнай аўдыенцыі. 

У ходзе сустрэчы іерархі разважалі над тэкстамі Папы, прысвечанымі рэформе Курыі. У цэнтры ўвагі былі яго звароты да Рымскай курыі з знагоды Божага нараджэння, прамовы, якія прагучалі падчас двух кансісторыяў – у лютым і кастрычніку 2015 г., а таксама з нагоды 50-годдзя Сіноду Біскупаў.

Сярод тэмаў, якія закраналіся падчас дыскусій: Рымскай курыя, як прылада евангелізацыі і служэння Папе і мясцовым Касцёлам; дэцэнтралізацыя; роля нунцыятур; падбор і кампетэнцыі персаналу Курыі, які ў меншай ступені павінен складацца з духавенства і ў большай з прадстаўнікоў розных краін, з павелічэннем колькасці моладзі і жанчын.

Кардыналы выслухалі арцыбіскупа Рына Фізікелу, старшыню Папскай рады па новай евангелізацыі, аб працы гэтай дыкастэрыі. У другой палове дня 13 верасня перад імі выступіць кардынал Фернанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Дарадчыкі пераглядалі статут Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, а кардынал Шон О’Мэлі падзяліўся з імі звесткамі аб дзейнасці Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якую ўзначальвае.

Наступнае пасяджэнне канстультатыўнага органу пройдзе 11-13 снежня 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.