2017-09-13 11:38:00

Пантыфік падвёў вынікі падарожжа ў Калумбію


Народ, які здольны нараджаць дзяцей і ганарыцца імі, мае будучыню, адзначыў Папа, падводзячы вынікі свайго Апостальскага падарожжа ў Калумбію. Аб асноўных этапах гэтай пілігрымкі ён распавёў падчас агульнай аўдыенцыі 13 верасня 2017 г. у Ватыкане. 

“Тут радасны народ! Нягледзячы на ўсе пакуты, ён радасны і жыве надзеяй! Ва ўсіх гарадах мяне ўразіла прысутнасць вялікай колькасці людзей, сярод якіх былі бацькі і маці, якія ўздымалі ўверх дзяцей, каб Папа благаславіў іх. Яны паказвалі сваіх дзяцей з гонарам, нібыта жадаючы сказаць: гэта наш гонар, гэта наша надзея. Я падумаў, што народ, які здольны нараджаць дзяцей, які здольны паказваць іх з гонарам і надзеяй, з’яўляецца народам, які мае перад сабой будучыню. Мне гэта вельмі спадабалася”, - сказаў Пантыфік.

Дэвізам падарожжа Францішка былі словы: “Demos el primer paso”, або “Зробім першы крок”. Сваім візітам ён хацеў благаславіць намаганні народу, які спрабуе пераадолець наступствы ўнутранага канфлікту, што працягваўся палову стагоддзя і сеяў пакуты і варожасць, прычыняючы шматлікія раны, якія цяжка залячыць. 

“Калумбія, як большасць лацінаамерыканскіх краін, гэта дзяржава, якая мае моцныя хрысціянскія карані. І калі гэты факт робіць яшчэ больш вострым боль ад трагедыі вайны, якая яго выклікала, у той жа час з’яўляецца гарантыяй міру, моцнага фундаменту яго аднаўлення, жыватворным сокам яго непераможнай надзеі. Відавочна, што злы пажадаў падзяліць народ, каб знішчыць Божую справу, але таксама відавочна, што любоў Хрыста, Яго бясконцая міласэрнасць, мацней за грэх і смерць”, - дадаў ён.

Гаворачы аб асноўных этапах сваёй пілігрымкі, Пантыфік нагадаў, што ў Багаце ён сустрэўся з моладзю і дзецьмі, мясцовым епіскапатам і каардынацыйным камітэтам Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі. У іншым горадзе – Вільявісенсія – Папа беатыфікаваў двух мучанікаў унутранага канфлікту: біскупа Хэзуса Эміліа Хараміліа Мансальвэ, пастыра дыяцэзіі Араўка, і дыяцэзіяльнага святара Пэдра Марыя Раміраса Рамаса, а таксама прыняў удзел у Вялікім малітоўным сходзе аб нацыянальным прымірэнні.

“Беатыфікацыя двух мучанікаў з усёй відавочнасцю нагадала, што мір заснаваны, у тым ліку, і перш за ўсё, на крыві шматлікіх сведкаў любові, праўды, справядлівасці, а таксама сапраўдных мучанікаў, забітых за веру, як два ўзгаданыя раней. Слухаць іх біяграфіі было кранальна да слёз: слёз болю і радасці. Перад іх рэліквіявімі і абліччамі, святы верны люд Божы моцна адчуў уласную тоеснасць, з болем думаючы пра шматлікіх, празмерна шматлікіх ахвяраў, і з радасцю, па прычыне міласэрнасці Бога, якая выліваецца на тых, хто яго баіцца”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў таксама прыклад калумбійцаў, якія нягледзячы на спазнаннае насілле і несправядлівасць, здолелі пераадолець сябе і адкрыцца на сустрэчу, прабачэнне і прымірэнне.

У горадзе Мэдельін Святы Айцец заклікаў вернікаў наследаваць Хрыста, каб быць соллю, святлом і закваскай у свеце, і прыносіць багатыя плёны. Такія плёны ўжо ёсць. Сярод іх Папа ўзгадаў каталіцкі прытулак, які наведаў тут, дзе вялікая колькасць дзяцей і моладзі, параненых жыццём, змагла знайсці новую сям’ю, быць прынятай, абароненай і падтрыманай. Іншы плён: пакліканні да святарскага і кансэкраванага жыцця, якія ён меў магчымасць благаславіць і падбадзёрыць, падчас сустрэчы з кансэкраванымі асобамі.

“Нарэшце ў Картахене, горадзе св. Пэдра Клавэра, апостала рабоў, увага была засяроджана на спрыянні чалавеку і яго фундаментальным правам. Св. Пэдра Клавэр, як і св. Марыя Бернарда Бютлер, у бліжэйшую да нас эпоху, аддалі свае жыцці за самых бедных і адчужаных грамадствам. Такім чынам яны паказалі шлях сапраўдай рэвалюцыі, евангельскай, а не ідэалагічнай, якая па-сапраўднаму вызваляе людзей і грамадства ад рабства, якое было ў мінулым і, нажаль, ёсць таксама сёння. У гэтым сэнсе “зрабіць першы крок” – дэвіз гэтага падарожжа – значыць зблізіцца, схіліцца, дакрануцца да цела параненага і пакінутага брата. І рабіць гэта з Хрыстом, Панам, які стаў нявольнікам для нас. Дзякуючы Яму ёсць надзея, бо Ён – міласэрнасць і мір”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак даверыў Калумбію і яе народ Маці Божай з Чыкінкіры, абраз якой меў магчымасць ушанаваць у катэдральным касцёле ў Багаце. “Няхай з дапамогай Марыі, кожны калумбіец зможа штодзённа рабіць першы крок да брата і сястры, і так будаваць разам, дзень за днём, мір у любові, справядлівасці і праўдзе”, - пажадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.