2017-09-11 12:02:00

Святы Айцец: Бог ненавідзіць вайну


“Няхай запаляцца агеньчыкі міру там, дзе сёння ёсць цемра нянавісці”, - пажадаў Папа ў пасланні з нагоды міжнароднай сустрэчы пад назвай “Шляхі міру”, якая 9-12 верасня 2017 г. праходзіць у нямецкім горадзе Мюнстэр. У форуме прымае ўдзел каля 2500 прадстаўнікоў розных рэлігій з усіх кантынентаў. Яго мэта – стаць пляцоўкай для дыялогу перад абліччам войнаў, тэрарызму і насілля ў свеце. 

На першым пасяджэнні сустрэчы выступілі вядомыя палітыкі і рэлігійныя дзеячы, сярод якіх Канцлер Германіі Ангела Меркель, старшыня Еўрапейскага парламенту Антоніа Траяні, прэзідэнт Нігера Махамаду Ісуфу, Вялікі імам універсітэту “Аль-Азхар” Махмед Аль-Таеб.

Мір і дыялог – гэта не толькі ідэалы, да якіх трэба імкнуцца, але неадкладная патрэба ў час, калі “канфлікты, распаўсюджанае насілле, тэрарызм і войны пагражаюць мільёнам людзей, зневажаюць сакральнасць чалавечага жыцця і робяць усіх больш кволымі і ўразлівымі”, напісаў у сваім пасланні Папа.

Францішак нагадаў пра існаванне вялікага мноства людзей, якія прагнуць міру жывучы у кантэксце “здаецца бясконцых войнаў”, на тэрыторыях, дзе “адсутнічае жаданне стаць на шлях прымірэння”, “дзе давяраюць зброі, а не дыялогу”. Цэлыя народы “былі агорнуты ноччу насілля, без надзеі на світанак міру”, заўважыў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што рэлігійныя лідэры маюць “асаблівую адказнасць” і пакліканы “быць і жыць як людзі міру”, даючы сведчанне аб тым, што “Бог ненавідзіць вайну, што вайна ніколі не бывае святой, што насілле ніколі не можа здзейсняцца ў імя Бога і апраўдвацца ім”. 

Па словах Францішка, задача, якая стаіць перад рэлігійнымі лідэрамі – абуджаць сумленні, распаўсюджваць надзею, выхоўваць і падтрымліваць міратворцаў. Важна перамагчы абыякавасць да чалавечых пакутаў і не дапусціць, каб людзі прызвачаіліся да іх. На заканчэнне паслання ён пажадаў, каб мір у Еўропе будаваўся шляхам умацавання адзінства ўнутры і большай адкрытасці на знешні свет.

Міжнародная сустрэча “Шляхі міру” праходзіць па ініцыятыве каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Супольнасць св. Эгідзія”. 11-12 верасня ў яе рамках адбудуцца дыскусіі ў групах, прысвечаныя розным тэмам, сярод якіх мір і міжрэлігійны дыялог, ненасілле, разбраенне, міргацыя, права за здароўе і сацыяльную справядлівасці. Прадугледжана таксама абмеркаванне сітуацый у Іраку і Тунісе.








All the contents on this site are copyrighted ©.