2017-09-08 23:35:00

Святы Айцец: праўда і прабачэнне – шлях да прымірэння


“Насілле нараджае насілле, нянавісць нараджае нянавіць, смерць – іншую смерць. Мы павінны разрубіць гэты ланцуг, якія здаецца непарыўным, а гэта магчыма толькі праз прабачэнне і прымірэнне”, - сказаў папа Францішак падчас Вялікага малітоўнага сходу аб нацыянальным прымірэнні, які прайшоў 8 верасня 2017 г. у калумбійскім горадзе Вільявісенсія.

“Ад самага першага дня я жадаў, каб наступіў гэты момант нашай з вамі сустрэчы. (...) Прыходжу сюды з пашанай і ясным усведамленнем, што знаходжуся, як Майсей, на святой зямлі. На зямлі, акропленай крывёю тысяч нявінных ахвяраў і вострым болем іх сваякоў і знаёмых. Раны, якія з цяжцасцю загойваюцца і якія засмучваюць усіх, бо кожнае насілле, здзейсненае супраць чалавека – гэта рана на целе чалавецтва; кожная гвалтоўная смерць робіць нас “меншымі” як асобаў”, - сказаў Папа.

Францішак запэўніў калумбійцаў, што прыбыў не столькі, каб прамаўляць, колькі для таго, каб быць блізка да іх і паглядзець ім у вочы, выслухаць іх і адкрыць сваё сэрца на іх сведчанне жыцця і веры. “І, калі вы мне дазволіце, я хацеў бы абняць вас і плакаць з вамі, хацеў бы, каб мы памаліліся разам і прабачылі адзін аднаго – таксама і я павінен прасіць прабачэння – і такім чынам, усе разам, мы зможам глядзець і ісці наперад з верай і надзеяй”, - дадаў Святы Айцец.

У сваёй прамове Папа спаслаўся да трагедыі ў калумбійскім горадзе Бахая. 2 мая 2002 г. тут праходзіў бой паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі. Падчас яго каля 300 мясцовых жыхароў, сярод якіх многія жанчыны і дзеці, схаваліся ў касцёле, але адна бомба, кінутая баевікамі, прабіла дах храму і выбухнула каля алтара. У выніку загінулі 119 чалавек і каля 100 атрымалі раненні. Моцна пашкоджаны крыж з гэтай святыні стаў напамінам ад тым жудасным здарэнні і быў выстаўлены на сустрэчы з Пантыфікам.

“Бачыць Хрыста такімі, знявечаным і параненым, гэта заклік да нас. Ён больш не мае рук. Няма больш Ягонага цела, але захавалася Ягонае аблічча, з якога Ён глядзіць на нас і нас любіць. Разбіты і разрэзаны на часткі Хрыстус для нас з’яўляецца “яшчэ больш Хрыстом”, бо яшчэ раз паказвае нам, што прыйшоў цярпець за свой народ і са сваім народам; а таксама, каб навучыць нас, што нянавісць не мае апошняга слова, што любоў мацней за смерць і насілле. Ён вучыць нас перамяняць пакуты ў крыніцу жыцця і ўваскрасення, каб разам з Ім навучыліся сіле прабачэння, велічы любові”, - сказаў Пантыфік. 

Напачатку малітоўнага набажэнства прагучалі сведчанні некаторых людзей. Адныя з іх раней знаходзіліся ў шэрагах баевікоў, але здолелі выйсці са спіралі насілля і вярнуцца да нармальнага жыцця. Іншыя – сталі ахвярамі грамадзянскай вайны, як 61-гадовая ўдава Пастора Міра Гарсія, якая з 2004 г. займаецца дапамогай ахвярам канфлікту. Яна распавяла Святому Айцу, што спачатку баевікі забілі яе мужа, затым выкралі дачку, цела якой яна знайшла толькі пра сем гадоў болю і слёз. Потым быў забіты яе малодшы сын. Праз тры дні пасля пахавання Пастора Міра дапамагла параненаму юнаку ў сябе дома. Калі ён ўбачыў фотаздымак сына сказаў, што з'яўляецца ягоным забойцам. "Дзякую Богу за тое, што з дапамогай Маці Божай даў мне сілу дапамагчы яму не робячы яму зла, нягледзячы на мой невымоўны боль", - сказаў яна.

Папа прызнаўся, што вельмі ўзрушаны пачутымі сведчаннямі. “Гэта гісторыі пакут і горычы, але таксама, і перш за ўсё, гэта гісторыі любові, якія кажуць нам пра жыццё і надзею, кажуць, каб мы не дазволілі нянавісці, помсце і болю запанаваць у нашых сэрцах”, - падкрэсліў ён і падзякаваў людзям, якія няглядзячы на перажытыя трагедыі і спазнаную несправядлівасць знайшлі ў сабе сілы для прабачэння, якое магчыма з Божай дапамогай. 

“Ёсць надзея таксама для тых, хто рабіў зло. Не ўсё згублена. Канешне, у гэтым маральным і духоўным перараджэнні катаў павінна споўніцца правасуддзе”, - сказаў Папа. Ён пагадзіўся, што “складана прыняць перамену ў тых, якія звярталіся да насілля дзеля дасягнення сваіх мэтаў, каб бараніць незаконныя промыслы і ўзбагачацца, або памылкова думалі, што абаранялі жыццё сваіх братоў”. Гэта выклік для кожнага – паверыць, што людзі, якія неслі пакуты цэлым супольнасцям і ўсёй краіне могуць зрабіць крок наперад.

“Залечым гэты боль і прымем кожнага, хто здзейсніў злачынствы, прызнае іх, каецца з іх і прыкладае намаганні, каб выправіць іх, спрыяючы будаванню новага ладу, у якім заззяюць справядлівасць і мір”, - заклікаў Папа.

Францішак падкрэсліў важнасць праўды ў гэтым доўгім і складаным працэсе. Праўда – гэта неадлучная спадарожніца справядлівасці і міласэрнасці. “Яна павінна весці не да помсты, а да прымірэння і прабачэння. Праўда – гэта распавядаць забітым болем сем’ям ад тым, што здарылася з іх зніклымі сваякамі. Праўда – гэта вызнаваць, што адбылося з дзецьмі, рэкрутаванымі ў носьбіты насілля. Праўда – гэта прызнаваць боль жанчын, якія сталі ахвярамі гвалту і злоўжыванняў”, - падкрэсліў ён.

Папа звярнуўся да калумбійцаў з заклікам адкрыць сэрцы і прымірыцца, не баяцца праўды і справядлівасці, не баяцца прасіць і дарыць прабачэнне. Сваю прамову ён закончыў словамі малітвы да Хрыста са знявечанага крыжа з Бахая: “Дапамажы нам прыкласці намаганні, каб аднавіць Тваё цела. Дапамажы нам быць Тваімі нагамі, каб ісці насустрач патрабуючым братам. Дапамажы нам быць Тваімі рукамі, каб абдымаць тых, хто згубіў сваю годнасць. Дапамажы нам быць Тваімі рукамі, каб благаслаўляць і суцяшаць тых, хто плача ў самотнасці. Дапамажы быць сведкамі Тваёй любові і Тваёй бясконцай міласэрнасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.