2017-09-08 14:10:00

Пантыфік звярнуўся да каталіцкіх іерархаў Лацінскай Амерыкі


Бог, калі звяртаецца да людзей у Езусе, не робіць гэтага бесстаронна, на падабенства натарыуса, але голасам Айца, які прамаўляе да дзіцяці, падкрэсліў папа Францішак у звароце да каардынацыйнага камітэту Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM) – структуры, якая аб’ядноўвае біскупскія канферэнцыі гэтага рэгіёна. Сустрэча прайшла вечарам 7 верасня 2017 г. у Апостальскай нунцыятуры ў Багаце. 

Пантыфік нагадаў аб актуальнасці “душпастырскай спадчыны” генеральнай асамблеі лацінаамерыканскіх епіскапатаў, якая прайшла ў 2007 г. у бразільскай Апарэсідзе. Ён заклікаў “паставіць місію Езуса ў сэрца Касцёла”. Намаганні, якія прыкладаюцца дзеля евангелізацыі павінны быць “крытэрыем вымярэння эфектыўнасці структур”, плённасці служэння душпастыраў і радасці, бо нікога немагчыма прывабіць без яе.

Святы Айцец звярнуў увагу на небяспеку “ідэалагізацыі евангельскага паслання”, “касцёльнага функцыяналізму”, клерыкалізму і “распаўсюджанай няздольнасці прамаўляць да сэрца чалавека”. Ідучы да людзей трэба выкарыстоўваць “прылады” Езуса, якімі з’яўляюцца “блізкасць і сустрэча”, дадаў Папа.

Па яго словах, не дастаткова толькі святкаваць круглыя даты з жыцця мясцовага Касцёла. Для паспяховасці евангелізацыйнай місіі неабходна “пераадолець візантынізм настаўнікаў закону” і ісці да людзей, як Езус, які набліжаўся, сустракаў, прамаўляў, дакранаўся сваёй сілай, лячыў і збаўляў. Місія рэалізуецца “тварам у твар” да людзей, лічыць Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў біскупаў цаніць разнастайнасць лацінаамерыканскага кантынента, адказаць на “дэфіцыт надзеі”, інвеставаць сілы і рэсурсы ў выхаваўчыя праграмы для моладзі. Жанчыны, у сваю чаргу, з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі Касцёла ў Лацінскай Амерыцы і не павінны станавіцца “нявольніцамі нашага ўпартага клерыкалізму”, сказаў Папа лацінаамерыканскім іерархам.

У сустрэчы са Святым Айцом у Багаце прынялі ўдзел 35 біскупаў-членаў каардынацыйнага камітэту CELAM і 22 генеральныя сакратары епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейну.








All the contents on this site are copyrighted ©.