2017-09-08 11:16:00

Мільён вернікаў на св. Імшы з Папам у Багаце


Каля мільёна чалавек прыняло ўдзел у св. Імшы ў інтэнцыі міру і справядлівасці, якую папа Францішак цэлебраваў вечарам 7 верасня 2017 г. у парку імя Сімона Балівара ў Багаце. Нягледзячы на дождж вернікі запоўнілі яго тэрыторыю яшчэ з самай раніцы. У чаканні Пантыфіка тут адбылася сустрэча на тэму абароны жыцця, а перад пачаткам літургіі ён благаславіў групу людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У сваёй гаміліі Папа нагадаў, што калі Езус прапаведваў у Галілеі вакол Яго збіралася вялікае мноства людзей. Слова Пана мае штосьці, што не пакідае абыякавым нікога; мае сілу змяняць сэрцы, задумы і праекты. Яно пацверджана дзеяннямі, а не проста з’яўляецца “заключэннямі напісанымі за сталом” ці “халоднымі і далёкімі ад болю людзей выразамі”, лічыць Святы Айцец.

Паводле Францішка, Калумбія таксама прагне слова жыцця, але, як і ў іншых часткай свету, тут ёсць цемра, што сее пагрозы і знішчае яго. Гэта “цемра несправядлівасці і сацыяльнай няроўнасці, карупцыйная цемра прыватных ці групавых інтарэсаў, якія эгаістычна і няспынна спажываюць тое, што прызнача для дабрабыту ўсіх; цемра недахопу павагі да чалавечага жыцця, што кожнага дня косіць жыцці шматлікіх нявінных людзей, кроў якіх усклікае да неба; цемра прагі помсты і нянавісці, якая заплямлівае чалавечай крывёй рукі тых, хто чыніць справядлівасць самастойна; цемра тых, хто застаецца абыякавым перад болем вялікага мноства ахвяр”.

Пантыфік высока ацаніў дзейнасць калумбійцаў, якія першымі зразумелі чаго найбольш патрабуе іх краіна і прадпрынялі ініцыятывы на карысць устанаўлення міру і абароны жыцця. Ён запэўніў, што мільёны жыхароў Багаты і Калумбіі змогуць стварыць па-сапраўднаму жывыя, справядлівыя і братэрскія супольнасці, калі будуць слухаць і прымаць Божае слова.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў жыхароў гэтай лацінаамерыканскай краіны клапаціцца пра супольнае дабро і ўзяць на сябе адказнасць за самых слабых, ахоўваючы іх правы, а таксама пакінуць страх, які паралізуе і перашкаджае быць будаўнікамі міру і абаронцамі жыцця.

Пасля св. Імшы Францішак правёў кароткую сустрэчу з біскупамі Венесуэлы. Ён пацікавіўся сітуацыяй у гэтай краіне і ўдзеляў благаслаўленне яе народу і мясцоваму Касцёлу. 








All the contents on this site are copyrighted ©.