2017-09-02 11:00:00

Папа да ўдзельнікаў “EXPO 2017”: энергія для агульнага дабра


“Неабходна сур’ёзна і адказна падыйсці да таго, як чалавецтва можа ў бліжэйшыя гады выкарыстоўваць інавацыйныя тэхналогіі для разумнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў, якія з’яўляюцца нашай супольнай спадчынай”, - напісаў Францішак у пасланні з нагоды Нацыянальнага дня Святога Пасаду на Міжнароднай спецыялізаванай выставе “EXPO 2017”, якая праходзіць у сталіцы Казахстана, Астане. 

Выкарыстанне энергетычных рэсурсаў мае вызначальнае значэнне “для падтрымання здароўя нашага свету і дабрабыту нашых грамадстваў, дабрабыту, які неабходна разглядаць інтэгральна, а не проста як эканамічны росквіт ці большы патэнцыял для спажывецтва”, заўважыў Папа і заклікаў садзейнічаць выкарыстанню энергіі для паляпшэння жыцця і росквіту чалавечай сям’і.

Ён нагадаў, што энергетычныя рэсурсы не павінны стаць аб’ектам несумленных фінансавых спекуляцый ці прычынай канфлікта. Для гэтага патрэбны шчыры і шырокі дыялог на ўсіх узроўнях і паміж рознымі сектарамі грамадства, у якім павінны браць удзел таксама і рэлігіі. Трэба адкрыць ва ўласных рэлігійных традыцыях натхненне і крытэрыі, якія дапамогуць паляпшэнню стасункаў і жыццю разам, як братам і сёстрам, адзначыў Папа.

“Тое, як мы выкарыстоўваем энергетычныя рэсурсы, з’яўляецца адзнакай таго, наколькі добра мы выконваем задачу, якая, паводле многіх рэлігійных традыцый, была ўскладзена на нас Богам, а менавіта, клопат аб навакольным свеце і нашых блізкіх ва ўсе часы і ва ўсім свеце. Калі наша пакаленне і выкарыстанне энергіі ўстойлівыя і заснаваныя на салідарнасці, значыць мы добра выконваем нашу працу. А калі не, то не спраўляемся. На кану наша годнасць, а таксама справядлівасць і мір. Менавіта, каб спрыяць асэнсаванню гэтага, Святы Пасад прысвяціў свой павільён на выставе “EXPO” у Астане тэме: “Энергія для агульнага дабра – клопат пра наш агульны дом”, - напісаў Пантыфік.  

Нацыянальны дзень Апостальскай Сталіцы на “EXPO 2017” прайшоў 2 верасня 2017 г.. У яго святкаванні, між іншых, прынялі ўдзел: кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па cлужэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Касым-Жамарт Такаеў, старшыня Сената Парламента Рэспублікі Казахстан і арцыбіскуп Томаш Пэта, пастыр архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане, які зачытаў пасланне Папы.








All the contents on this site are copyrighted ©.