2017-08-30 11:20:00

Пантыфік: памяць пра пакліканне ажыўляе надзею


Кожнае пакліканне пачынаецца з сустрэчы з Езусам, якая дорыць радасць і новую надзею, а таксама вядзе, нават праз выпрабаванні і цяжкасці, да яшчэ больш поўнай сустрэчы з Ім і да паўнаты радасці, сказаў папа Францішак 30 жніўня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Сваю катэхезу ён прысвяціў адносінам паміж памяццю і надзеяй, з асаблівай спасылкай да памяці пра пакліканне.

Пантыфік нагадаў пра евангельскае апавяданне аб пакліканні Езусам першых двух апосталаў, якое адбылося на беразе ракі Ярдан. Сустрэча з Панам стала для іх сапраўднай “іскрай”. Яны пакінулі Яна Хрысціцеля – свайго першага духоўнага настаўніка – і пайшлі за Хрыстом. Ён жа скіраваў да іх фундаментальна важнае пытанне: “Чаго шукаеце?”, нагадаў Папа. 

“У Евангеллі Езус прадстае як знаўца чалавечага сэрца. У той момант ён сустрэў двух маладых мужчынаў, якія знаходзіліся ў пошуку, мелі здаровы неспакой. Сапраўды, што гэта за маладосць, калі яна з усяго задаволена, без пытання аб сэнсе? Маладыя людзі, якія нічога не шукаюць, не з’яўляюцца маладымі. Яны састарэлі заўчасна. Сумна бачыць такіх “маладых пенсіянераў”. І Езус, праз усё Евангелле, падчас усіх сваіх сустрэчаў, якія здараліся з Ім на шляху, прадстае як “падпальшчык” сэрцаў. Адсюль і Яго пытанне, якое спрабуе абудзіць жаданне жыцця і шчасця, якое кожны малады чалавек носіць унутры: “Чаго шукаеш?”. Таксама і я хачу спытаць у моладзі, якая прысутная на плошчы і якая слухае нас праз СМІ: “Ты, малады чалавек, чаго шукаеш? Чаго шукаеш у тваім сэрцы?”, - спытаў Францішак. 

Прабыванне першых вучняў з Езусам зрабіла з іх сапраўдных місіянераў, а сустрэча з Панам была настолькі кранальнай і шчаслівай, што яны “назаўсёды запомнілі той дзень, які асвясціў і даў напрамак іх маладосці”, падкрэсліў Пантыфік.

“Як можна адкрыць уласнае пакліканне ў гэтым свеце? Яго можна адкрыць рознымі спосабамі, але гэты ўрывак Евангелля кажа нам, што першым індыкатарам з’яўляецца радасць сустрэчы з Езусам. Сужэнства, кансэкраванае жыццё, святарства – кожнае сапраўднае пакліканне пачынаецца з сустрэчы з Езусам, якая дорыць нам радасць і новую надзею; а таксама вядзе нас, нават праз выпрабаванні і цяжкасці, да яшчэ больш поўнай сустрэчы з Ім, сустрэчы якая расце і становіцца большай, і да паўнаты радасці” , - сказаў ён.

Па словах Францішка, Пан не жадае, каб людзі ішлі за Ім з неахвотай, “без ветрыка радасці ў сэрцы”. “Езус прагне людзей, якія спазналі, што прабыванне з Ім дорыць вялізарную радасць, якую можна аднаўляць у кожны дзень жыцця. Вучань Божага Валадарства, які не з’яўляецца радасным, не евангелізуе гэты свет, ён смутны. Прапаведнікамі Езуса становяцца не ўдасканальваючы зброю рыторыкі: ты можаш казаць, казаць, але калі няма чагосьці іншага... Як становяцца прапаведнікамі Езуса? Захоўваючы ў вачах ззянне сапраўднага шчасця”, - падкрэсліў Папа. 

Менавіта, каб быць добрымі сведкамі Евангелля хрысціяне пакліканы захоўваць у сэрцы “полымя сваёй закаханасці”, а перад абліччам выпрабаванняў і процілеглых ветраў памятаць пра шлях, які вядзе да таго “святога агеньчыка”, які запаліўся ў іх аднойчы і назаўсёды, лічыць Святы Айцец.

“Не будзем згаджацца з расчараванымі і нешчаслівымі асобамі; не будзем слухаць тых, хто цынічна раіць не мець у жыцці надзеі; не будзем давяраць тым, хто ў зародку гасіць энтузіязм, кажучы, што ніводны ўчынак не варты пасвячэння ўсяго жыцця. Не будзем слухаць людзей са “старымі” сэрцамі, якія заглушаюць юнацкую эйфарыю. (...) Замест гэтага будзем дбаць пра здаровыя ўтопіі: Бог хоча нас бачыць здольнымі марыць як Ён і з Ім, у той час калі крочым, захоўваючы ўвагу да рэчаіснасці. Будзем марыць пра іншы свет, а калі мара памрэ, пачнем марыць аб ёй зноў, з надзеяй прыбягаючы да памяці аб вытоках”, - заклікаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа адзначыў, што фундаментальная дынаміка хрысціянскага жыцця заключаецца ў тым, каб памятаць пра Езуса і тое полымя любові, дзякуючы якому мы аднойчы зразумелі наша жыццё як добрую задуму, а таксама нанова распальваць гэты агонь нашай надзеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.