2017-08-29 09:39:00

Папа да афрыканскіх законніц: давайце пераканаўчае сведчанне


Папа заклікаў афрыканскіх законніц паглыбляць узаемныя сяброўскія сувязі і такім чынам даваць больш пераканаўчае сведчанне перад светам і Касцёлам, а таксама яднацца ў апостальстве бедных, хворых і маргіналізаваных. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні Святога Айца, скіраваным з нагоды 17-га пленарнага пасяджэння Асацыяцыі кансэкраваных жанчын Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі (Association of Consecrated Women in Eastern and Central Africa). Яно пачалося 27 жніўня 2017 г. у горадзе Дар-эс-Салам, у Танзаніі.

У сустрэчы прымае ўдзел прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, кардынал Жуан Брас дэ Авіс. Ён перадаў законніцам пасланне Францішка і ўзначаліў літургію на адкрыццё пасяджэння. 

У сваёй гаміліі прэфект папярэдзіў аб небяспецы ідалапаклонства перад грашыма. “Гэта смутна, калі кансэкраваныя асобы больш давяраюць банкаўскім рахункам, чым Богу”, - сказаў ён і дадаў, што спрэчкі аб грошах часта прыводзяць да падзелаў паміж біскупамі і кансэкраванымі асобамі. 

Іерарх заклікаў законніц напачатку слухаць, а затым прамаўляць; вучыцца самім, каб затым вучыць іншых. Неабходна таксама наследаваць вучэнне Францішка, які нават кардыналаў заахвочвае выходзіць са сваіх палацаў і ісці да людзей, быць з імі, шукаць пакутуючых і аказваць ім дапамогу. Прэфект прызнаўся, што жыццё паводле вучэння Папы стала для яго пачаткам новага навяртання.

Асацыяцыя кансэкраваных жанчын Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі дзейнічае з 2002 г. і аб’ядноўвае законніц з дзевяці англамоўных краін рэгіёну: Эрытрэі, Эфіопіі, Кеніі, Малаві, Судану, Паўднёвага Судану, Танзаніі, Уганды і Замбіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.