2017-08-28 10:41:00

Святы Айцец здзейсніць візіт у М’янму і Бангладэш


Прымаючы запрашэнне адпаведных дзяржаўных уладаў і мясцовых біскупаў 27-30 лістапада 2017 г. папа Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў М’янму, дзе наведае гарады: Янгон і Найп’іда, а 30 лістапада-2 снежня 2017 г. – у Бангладэш, дзе яго будуць чакаць у горадзе Дака. Афіцыйнае паведамленне было апублікавана 28 жніўня 2017 г. Залай Друку Апостальскай Сталіцы. Праграма падарожжа будзе абвешчана пазней.

Папская пілігрымка ў М’янму пройдзе пад дэвізам “Любоў і мір”. Яе лагатып выкананы ў форме сэрца, контуры якога маюць колеры флагаў М’янмы і Ватыкана. Унутры яго знаходзіцца выява Папы, які выпускае белага голуба, а таксама шматкаляровая карта краіны, якая сімвалізуе мультыэтнічны характар яе насельніцтва. 

Дэвізам Апостальскага падарожжа ў Бангладэш будуць словы: “Гармонія і мір”. Яго лагатып уяўляе сабой стылізаваную выяву голуба міру, унутры якога размешчаны крыж і кветка гарлачыка – сімвал гэтай азіяцкай краіны. Колеры лагатыпу: зялёны, чырвоны і жоўты з’яўляюцца колерамі флагаў Бангладэш і Ватыкану. 

Францішак стане першым Пантыфікам, які наведае М’янму. У сваю чаргу вернікі з Бангладэш будуць прымаць Наступніка св. Пятра ўжо ў трэцці раз. У лістападзе 1970 г. горад Даку, – які сёння з’яўляецца сталіцай гэтай краіны – наведваў Павел VI, праўда тады яшчэ Бангладэш знаходзіўся ў складзе Пакістану. Другі візіт сюды здзейсніў Ян Павел ІІ, 19-20 лістапада 1986 г.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.