2017-08-25 10:12:00

Папская гвардыя гатова супрацьстаяць тэрарыстычнай пагрозе


Камандуючы корпусам Папскай швейцарскай гвардыі запэўніў, што падначаленыя яму вайскоўцы падрыхтаваны для таго, каб супрацьстаяць тэрарыстычнай пагрозе. Паводле палкоўніка Крыстафа Графа, папскія гвардзейцы пастаянна ўдасканальваюць свае вайсковыя здольнасці, выкарыстоўваючы для гэтага самае сучаснае абсталяванне.

Ён нагадаў, што тэрмін падрыхтоўкі рэкрутаў быў павялічаны з двух да чатырох месяцаў. У 2016 г. было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з паліцыяй швейцарскага кантону Тычына. Тут папскія салдаты атрымліваюць падрыхтоўку па псіхалогіі, праву, супрацьпажарнай бяспецы, аказанню першай дапамогі, стральбе, самаабароне, тактыцы і спорце, падкрэсліў камандуючы корпусам на сходзе былых гвардзейцаў, які прайшоў у швейцарскім горадзе Золатурн.

На працягу некалькіх апошніх гадоў меры бяспекі вакол Ватыкана былі значна ўмацаваны. Тут пастаянна вядуць дзяжурства супрацоўнікі розных сілавых структур. Уезд на ўсе вуліцы, якія вядуць да плошчы св. Пятра, перакрыты бар’ерамі і аўтамабілямі італьянскіх антрытэрарыстычных падраздзяленняў. Пастаянна ажыцяўляецца відэакантроль за навакольнымі тэрыторыямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.