2017-08-24 09:40:00

Кардынал Паралін сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін завяршыў свой афіцыйны візіт у Расію. Апошнім яго пунктам стала сустрэча з Уладзімірам Пуціным. Яна адбылася 23 жніўня 2017 г. у прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Сочы і працягвалася каля гадзіны, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Сустрэча прайшла ў “добрай, сардэчнай атмасферы павагі і ўзаемнага слухання, з адкрытым абменам поглядамі на розныя міжнародныя тэматыкі і пытанні, якія тычацца двухбаковых адносін”, - гаворыцца ў спецыяльным камюніке. Кардынал Паралін выказаў задавальненне, што “дзякуючы сустрэчам, кантактам і ініцыятывам” адносіны паміж Святым Пасадам і Расіяй развіваюцца, а таксама пераказаў расійскаму лідэру віншаванні папы Францішка. 

Прэзідэнт назваў існуючыя паміж бакамі адносіны “канструктыўнымі і заснаванымі на даверы” і выказаў задавальненне прамымі кантактамі паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой. “Мы цэнім даверлівым дыялог, які склаўся паміж Святым Пасадам і Расіяй. Паслядоўна рэалізуюцца дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе маіх кантактаў з папам Францішкам, і я рады таму, што працягваецца міжцаркоўны дыялог”, - сказаў кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне сустрэчы кардынал Дзяржсакратар падарыў Уладзіміру Пуціну бронзавую аліўкавую галінку – сімвал міру. Прэзідэнт, у сваю чаргу, уручыў бліжэйшаму супрацоўніку Папы набор калекцыйных манет, прысвечаных Алімпійскім гульням у Сочы, якія праходзілі ў 2014 г..

Расія стала шостай з былых савецкіх рэспублік, якую на працягу апошніх гадоў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі наведаў з афіцыйным візітам. У сакавіку 2015 г. ён прыязджаў у Беларусь, у маі 2016 – у Літву, Латвію і Эстонію, а ў чэрвені таго ж году – ва Украіну. Візіт бліжэйшага супрацоўніка Папы ў Расійскую Федэрацыю працягваўся 21-24 жніўня 2017 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.