2017-08-23 09:43:00

Дзяржсакратар на сустрэчы з Патрыярхам: нас яднаюць святыя


Сітуацыя ва Украіне і на Блізкім Усходзе была галоўнай тэмай сустрэчы кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Яна прайшла 22 жніўня 2017 г. у Данілавым манастыры ў Маскве, сядзібе Маскоўскага Патрыярхату. 

Бакамі адзначалася станоўчае развіццё адносін паміж Цэрквамі, якім пасадзейнічала мінулагодняя сустрэча Папы і Патрыярха на Кубе. Адным з яе плёнаў стала магчымасць выстаўлення ў Маскве і Санкт-Пецярбургу частцы рэліквій св. Мікалая, якія традыцыйна захоўваюцца ў італьянскім Бары. За больш чым два месяцы іх ушанавалі каля 2,3 млн. расійскіх вернікаў. 

“Экуменізм святасці сапраўды існуе. Святыя нас аб’ядноўваюць, бо яны бліжэй за ўсіх да Бога і такім чынам з’яўляюцца тымі, хто найбольш нам дапамагае пераадольваць цяжкасці адносін мінулага, выкліканыя сітуацыямі, якія мелі месца раней, і хутчэй крочыць да братэрскіх абдымкаў і эўхарыстычнай еднасці”, - сказаў кардынал Паралін.

Адной з галоўных тэмаў сустрэчы была сітуацыя ва Украіне. Падкрэслівалася, што Царква тут паклікана спрыяць міру. “Царква не можа граць ніякай ролі, акрамя міратворчай, калі людзі знаходзяцца ў канфклікце паміж сабой. Канфлікты не працягваюцца вечна, яны калі-небудзь завяршаюцца. Калі ўсе грамадскія сілы ўцягнуты ў канфлікт, хто ж будзе збіраць камяні?”, - адзначыў падчас сустрэчы Патрыярх Кірыл.

Гаворачы пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, звярталася ўвага на важнасць супрацоўніцтва паміж Цэрквамі ў гуманітарнай сферы. “Узаемадзенне Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла ў ажыцяўленні дапамогі пакутуючым у канфлікце на Блізкім Усходзе было б вельмі важным аб’ядноўваючым фактарам”, - падкрэсліў Патрыярх Маскоўскі.

23 жніўня кардынал Паралін накіруецца ў Сочы, дзе адбудзецца яго сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.








All the contents on this site are copyrighted ©.