2017-08-17 12:25:00

Ватыкан: рэканструкцыя казармаў Папскай гвардыі


Грунтоўная рэканструкцыя чакае казармы Папскай швейцарскай гвардыі ў Ватыкане. Будынак, які з 1827 г. займае самае маленькая армія ў свеце, знаходзіцца паміж каланадай Берніні з боку Апостальскага палацу і брамай св. Ганны. Ён патрабуе рамонту па некалькіх прычынах. У першую чаргу – гэта вільгасць. Акрамя таго плануецца зрабіць казармы больш прасторнымі.

Рэканструцыю прафінансуе спецыяльна створаны для гэтай мэты фонд, заснаваны ў рамках існуючага з 2000 г. фонду падтрымкі Папскай швейцарскай гвардыі, які аказвае матэрыяльную і фінансавую дапамогу рэкрутам.

Яго дырэктар Жан-П’ер Рот распавёў, што два гады таму ўжо былі здзейснены неабходныя для рамонту памяшчанняў даследванні і падрыхтаваны праект будучых прац. Дзякуючы фонду ўжо была адрэстаўравана Камандная зала казармаў. Яе ўрачыстая інаўгурацыя пройдзе 25 верасня 2017 г..

Будынак ў якім сёння размяшчаюцца папскія гвардзейцы сягае сваімі каранямі у ХVII стагоддзе – эпоху пантыфікату Аляксандра VII. У планах рэканструктараў захаваць яго арыгінальны фасад, які быў узведзены ў 1825 г..

Швейцарская гвардыя служыць Пантыфікам з 1506 г. Зараз яна налічвае каля 110 афіцэраў і салдат. У яе шэрагі ўступаюць маладыя католікі ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў. У Ватыкане яны служаць па меншай меры 25 месяцаў. Прысяга адбываецца штогод 6 мая, у памяць аб гераічным чыне 147 швейцарскіх салдат, якія ў 1527 г. загінулі, абараняючы папу Клімента VII ад войск імператара Карла V.

У гэтым годзе ўпершыню навабранцы прайшлі дадатковае навучанне ў адным з падраздзяленняў швейцарскай паліцыі. Яны будуць несці адказнасць за асабістую абарону Папы і кантраляваць уваходныя брамы Ватыкану.








All the contents on this site are copyrighted ©.