2017-08-15 12:26:00

Францішак: самы вялікі дар Марыі для свету – гэта Езус


Самы вялікі дар, які Панна Марыя прынесла свету – гэта Езус Хрыстус, адзначыў папа Францішак 15 жніўня 2017 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” у Ватыкане. 

“Сёння, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Евангелле апавядае нам пра маладую дзяўчыну з Назарэта, якая, калі атрымала пасланне Анёла, паспяшыла, каб быць блізка да Альжбеты, у апошнія месяцы яе цудоўнай цяжарнасці. Калі прыйшла, Марыя пачула з яе вуснаў словы, што сталі часткай малітвы “Вітай, Марыя”: “Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго!” (Лк 1,42). Сапраўды, самым вялікі дарам, які Марыя прынесла Альжбеце – і ўсяму свету – з’яўляецца Езус, які ўжо жыў у Ёй; і жыў не толькі ў сілу веры і чакання, як у многіх жанчынах Старога Запавету: у Панне Езус прыняў чалавечае цела дзеля сваёй місіі збаўлення. 

У доме Альжбеты і яе мужа Захарыі, дзе раней панаваў смутак па прычыне адсутнасці дзяцей, цяпер была радасць у сувязі з чаканнем дзіцяці: дзіцяці, якое стане вялікім Янам Хрысціцелем, прадвеснікам Месіі. І калі прыйшла Марыя, радасць перапоўніла і вылілася з сэрцаў, бо нябачная, але сапраўдная прысутнасць Езуса напоўніла сэнсам усё: жыццё, сям’ю, збаўленне народу... Усё! Гэта поўная радасць праз голас Марыі выразілася ў цудоўнай малітве, якую нам пераказала Евангелле паводле св. Лукі, і якая, ад першага лацінскага слова, называецца “Magnificat”. Гэта спеў праслаўлення Бога за вялікія справы, якія Ён здзейсняе праз пакорных людзей, невядомых свету, як сама Марыя, як Яе абранец Юзаф, а таксама як месца, у якім яны жылі, Назарэт. 

Вялікі справы, якія Бог здзейсніў праз пакорных людзей... вялікія справы, якія Пан здзейсняе ў свеце праз пакорных... бо пакора, гэта як пустата, што вызваліла месца для Бога. Пакорны – моцны, у сілу сваёй пакоры, а не таму што магутны. У гэтым веліч пакорнага і пакоры. Я б хацеў спытаць вас, – а таксама сябе, – але не адказвайце ў голас: няхай кожны адкажа ў сэрцы: “Наколькі я пакорны?”

“Magnificat” усхваляе міласэрнага і вернага Бога, які спаўняе сваю задуму збаўлення з малымі і беднымі, з тымі, хто мае веру ў Яго, хто давярае Ягонаму слову, як Марыя. Вось ускліканне Альжбеты: “Шчаслівая тая, якая паверыла” (Лк 1,45). У тым доме, прыйсце Езуса праз Марыю стварыла не толькі атмасферу радасці і братэрскай еднасці, але таксама атмасферу веры, што вядзе да надзеі, малітвы і праслаўлення.

Усё гэта мы хочам, каб адбылося сёння таксама і ў нашых дамах. Успамінаючы Найсвяцейшую Марыю, якая была ўзята на Неба, мы хочам, каб Яна, яшчэ раз прынесла нам, нашым сем’ям, гэты вялізарны дар, гэту выключную ласку, аб якой мы заўсёды павінны прасіць перад і перш за ўсе іншыя ласкі, што маем у сэрцы: аб ласцы, якой з’яўляецца Езус Хрыстус!

Прыносячы Езуса, Маці Божая нясе таксама і нам новую радасць, поўную значэння; нясе нам новую здольнасць з верай пераадольваць самыя балючыя і складаныя хвіліны; нясе нам здольнасць быць міласэрнымі, каб прабачаць, разумець, падтрымліваць адзін аднаго.

Марыя – гэта ўзор цноты і веры. Сёння, сузіраючы Яе, узятую на Неба на завяршэнне Яе зямнога шляху, падзякуем Ёй за тое, што заўсёды нас апярэджвае ў пілігрымцы жыцця і веры – яна першая вучаніца. Папросім, каб бараніла нас і падтрымлівала; каб мелі моцную, радасную і міласэрную веру; каб дапамагла нам быць святымі, каб аднойчы сустрэцца з Ёй у Раі”. 

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў усім прысутным сваё благаслаўленне. “Не забывайце маліцца за мяне”, - сказаў Папа на заканчэнне малітоўнай сустрэчы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.