2017-08-15 14:39:00

Венесуэла: Касцёл супраць замежнай ваеннай інтэрвенцыі


Арцыбіскуп Каракаса кардынал Хорхэ Уроса выказаўся супраць ідэі аб неабходнасці замежнай ваеннай інтэрвенцыі для вырашэння палітычнага крызісу ў Венесуэле, аб якой некалькі дзён таму казаў Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. 

“Крызіс, які перажывае Венесуэла настолькі сур’ёзны, што зараз з’явілася яшчэ і знешняя праблема: пагроза ваеннага ўмяшання ад Прэзідэнта Дональда Трампа. Я, а таксама ўпэўнены, што і ўсе венесуэльскія біскупы, супраць любой замежнай ваеннай інтэрвенцыі”, - падкрэсліў іерарх на зананчэнне Эўхарыстыі, якую цэлебраваў з нагоды 150-годдзя кансэкрацыі катэдральнага касцёла ў Каракасе.

11 жніўня 2017 г. Дональд Трамп заявіў, што не “выключае” амерыканскага ваеннага ўмяшання ў сітуацыю ў Венесуэле “у выпадку неабходнасці". “У нас шмат варыянтаў ў сувязі з Венесуэлай. І я, дарэчы, не выключаю ваеннага варыянту”, - сказаў Трамп.

На працягу некалькіх месяцаў у Венесуэле працягваецца супрацьстаянне паміж апазіцыяй і кіруючымі сацыялістамі. Вынікам напружанай сітуацыі стаў недахоп ежы, вады, медыкаментаў. Апрача таго ў краіне адбываюцца беспарадкі, у ходзе якіх загінулі некалькі дзесяткаў чалавек, некалькі соцень атрымалі раненні, сотні былі затрыманыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.