2017-08-11 10:56:00

Кардынал: вырашэнне праблем свету толькі ў Богу


Галоўны крызіс, які перажывае наш свет не мае эканамічнага ці палітычнага характару, але вынікае з забыцця пра Бога, заўважыў кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Паводле яго слоў, адмаўленне Бога праяўляецца сёння ў розных сферах чалавечага жыцця: палітыцы, эканоміцы, культуры, навуцы і тэхніцы. 

Перад абліччам вялікіх праблем, замест таго, каб узнесці рукі і сэрцы да Бога, мы настойваем на пошуку чалавечых рашэнняў, адзначыў высокі ватыканскі іерарх падчас цырымоніі ўручэння яму італьянскай прэміі св. Зосіма, якая прайшла ў горадзе Мезарака. Ён прызнаў, што часам секулярызацыя пранікае нават у Касцёл. Гэта з’ява ўключае ў сябе звядзенне веры да чалавечай меры.

“Замест таго, каб адкрыць чалавека на ініцыятывы Бога, якія могуць быць нечаканымі, нязручнымі, але вызваляючымі, нам здаецца, што сучаснаму чалавеку будзе прасцей верыць, калі прапануем яму веру, што абапіраецца не столькі на Хрыстовае Аб’яўленне і касцёльную Традыцыю, колькі на яго ўласныя чаканні, магчымасці, прывязанасці да свету, фантазіі ці матэрыяльныя патрэбы”, - сказаў кардынал Сара.

Іерарх прызнаў, што сёння чалавецтва змагаецца сёння з вельмі сур’ёзнымі праблемамі, але іх вырашэнне знаходзіцца ў Богу, які з’яўляецца сапраўдным фундаментам свету. Ён падкрэсліў, што людзі патрабуюць цішыні, каб нанова адкрыць для сябе Бога. Гэта тычыцца таксама Касцёла і яго літургіі. 

Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў перакананы, што для Касцёла вельмі небяспечным з’яўляецца імкненне адпавядаць чалавечым суджэнням. Ён заклікаў вернікаў паўстаць на шлях цішыні, адкрыцца на ініцыятывы Бога і прыняць паўнату ласкаў, якая ад Яго паходзіць. 








All the contents on this site are copyrighted ©.