2017-08-07 14:21:00

Хор і аркестр Сусветных дзён моладзі створаць праз кастынгі


350 спевакоў і 120 інструменталістаў абяруць на кастынгах арганізатары Сусветных дзён моладзі ў Панаме, якія пройдуць зімой 2019 г. З ліпеня па верасень у парафіях Панамскай архідыяцэзіі праходзяць музычныя семінары для маладых людзей, якія хочуць паспрабаваць свае сілы ў музычным адборы.

Хор і аркестр, створаныя спецыяльна да моладзевага форуму, зоймуцца музычным афармленнем пяці асноўных цырымоній. Канчатковы склад вакалістаў і музыкантаў будзе вызначаны ў канцы 2017 г. Падчас цяперашніх музычных семінараў удзельнікі знаёмяцца з тэорыяй музыкі, сальфеджыо і практыкай харавога спеву.

Як паведаміў арцыбіскуп Хасэ Улоа Мендзіета, хор Сусветных дзён павінен стаць моладзевым калектывам Цэнтральнай Амерыкі, таму для ўдзелу ў праслухваннях запрошаны ў першую чаргу маладыя людзі з гэтай часткі свету, якім споўнілася 16 гадоў.

Асноўныя падзеі Сусветных дзён моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. Галоўнай тэмай сталі словы Марыі падчас Звествання: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Згодна з традыцыяй, маладыя ўдзельнікі сустрэчы, якія прыбываюць на яе з усяго свету, збіраюцца разам на пяці асноўных мерапрыемствах: Эўхарыстыі на адкрыццё форуму, цырымоніі прывітання Папы, Крыжовым Шляху, вячэрнім чуванні са Святым Айцом і нядзельнай св. Імшы, на якой паведамляецца месца правядзення наступных Сусветных дзён.

Дні ў дыяцэзіях, якія будуць папярэднічаць сустрэчы ў сталіцы, пройдуць з 17 па 21 студзеня 2019 г. у Панаме, Коста-Рыцы і Нікарагуа.








All the contents on this site are copyrighted ©.