2017-08-05 12:26:00

Прадстаўнік Святога Айца на ўрачыстасцях у Арс


Прадстаўнік Святога Айца ўзяў удзел ва ўрачыстасцях у гонар св. Яна Марыі Віянэя, якія прайшлі ў французскім Арс. Касцёл і місія – гэту тэму, са спасылкай на навучанне папы Францішка, абраў кардынал Фернанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, для свайго разважання напярэдадні літургічнага ўспаміну апекуна пробашчаў і на заканчэнне Місійнага года ў мясцовай дыяцэзіі. Іерарх нагадаў пра іншую постаць таго ж перыяду – Слугу Божую Палін Жарыко, натхняльніцу Папскіх місійных ініцыятыў.

І яна, і пробашч з Арс былі дзецьмі сваёй эпохі, якая азнаменавала сабой глыбокі крызіс Касцёла ў Францыі, адзначыў кардынал Філоні. Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра часы рэвалюцыі, якія прывялі да ўпадку веры і аўтарытэту каталіцкай іерархіі. Тым не менш, пасярод гэтага крызісу абое сталі вялікімі прапаведнікамі Евангелля: св. Ян Віянэй для французскага народу, Палін Жарыко праз уваход з Добрай Навінай у свет працы і падтрымку замежных місій.

Па словах прэфекта ватыканскай “місійнай” дыкастэрыі, абое з’яўляюцца узорам для сучаснай місійнай актыўнасці, да якой пакліканы кожны вернік і кожная мясцовая супольнасць Касцёла, незалежна ад месца і абставін, у якіх дзейнічаюць.

Прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў быў галоўным цэлебрантам сёлетніх урачыстасцяў у гонар св. Яна Марыі Віянэя ў Арс, дзе апошні быў пробашчам на працягу 41 года і памёр у 1859 г. Вёска размешчана на поўдні Францыі, у 30 км ад Ліёна. 4 жніўня 2017 г., ва ўспамін святога, кардынал Філоні узначаліў св. Імшу, а пасля яе адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. 

Пробашча з Арс кананізаваў у 1925 г. Пій XI. Праз чатыры гады той жа Папа абвясціў яго апекуном пробашчаў ва ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.