31 ліпеня 2017 г., ва ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы – заснавальніка Таварыства Езуса – Святы Айцец наведаў Генеральную курыю езуітаў, размешчаную недалёка ад Ватыкану. Францішка прывітаў генеральны настаяцель Таварыства, кс. Артура Соса.
З моманту свайго выбару на Пасад св. Пятра амаль кожны год у дзень св. Ігнацыя Пантыфік наведвае сваіх субратоў. Неўзабаве пасля свайго абрання, 31 ліпеня 2013 г., ён узначаліў св. Імшу ў касцёле “Іль Джэзу”, галоўным езуіцкім храме свету.
Францішак неаднойчы адзначаў, што мае ў сэрцы езуіцкую духоўнасць. “Я адчуваю сябе езуітам і думаю як езуіт”, - сказаў хутка пасля свайго абрання Папа.
Сёння ў свеце каля 17 тыс. езуітаў. Яны вядуць працу ў 112 краінах свету. У цяперашні час генералам Ордэна з’яўляецца венесуэлец Артура Соса, які змяніў ў 2016 г. Адольфа Нікаласа. Упершыню за ўсю гісторыю Таварыства Езуса, у 2013 г. яго член, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса, кардынал Хорхэ Марыа Берголіа, быў абраны на Пасад св. Пятра.
All the contents on this site are copyrighted ©. |