2017-07-30 13:06:00

Францішак заклікаў змагацца з сучасным рабствам


Пантыфік заклікаў да барацьбы з усімі формамі сучаснага рабства. 30 ліпеня 2017 г. адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі, абвешчаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. “Кожны год тысячы мужчын, жанчын і дзяцей становяцца нявіннымі ахвярамі працоўнай і сексуальнай эксплуатацыі і гандлю органамі”, - заўважыў з жалем Францішак 30 ліпеня 2017 г., падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Ён заклікаў усіх да супрацоўніцтва ў адпаведным супрацьстаянні “гэтаму агіднаму бічу, форме сучаснага рабства”, і запрасіў сабраных на плошчы св. Пятра да малітвы ў падтрымку ахвяр гандлю людзьмі і за “навяртанне сэрца” злачынцаў.

Таксама ў сваім акаунце ў “Tweeter” Папа звярнуў увагу на сённяшнюю дату. “Заклікаем да дзеяння ўсіх людзей веры і добрай волі, каб супрацьстаяць сучаснаму рабству ва ўсіх яго формах”, - напісаў ён.

Паводле ацэнак Міжнароднай арганізацыі працы, ва ўсім свеце ахвярамі прымусовай працы з’яўляюцца 21 мільён чалавек. Мужчыны, жанчыны і дзеці трапляюць у рукі гандляроў людзьмі як у сябе дома, так і за мяжой. Усе краіны свету, краіна паходжання, транзіту або прызначэння, пакутуюць ад гандлю людзьмі. Каля траціны ўсіх ахвяраў – дзеці. Доля жанчын і дзяцей сярод ахвяр гандлю людзьмі складае 71%.

У 2013 г. Генеральная Асамблея правяла сустрэчу на высокім узроўні, на якой была прынята рэзалюцыя аб абвяшчэнні 30 ліпеня Сусветным днём барацьбы з гандлем людзьмі. Гаворка ідзе пра неабходнасць павышэння дасведчанасці аб становішчы ахвяр і абароне іх правоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.