2017-07-28 11:26:00

Дзяржсакратар пра свой візіт у Беларусь падчас санкцый


Касцёл не мае ніякіх інтарэсаў, звязаных з палітычнай, эканамічнай ці ідэалагічнай уладай, і гэта тыповая пазіцыя ватыканскай дыпламатыі міру, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. “Вось чаму я наведаў Беларусь у перыяд санкцый, накладзеных на яе з боку Захаду, і Украіну падчас вайны”, - дадаў ён, патлумачыўшы журналісту “Sole24Ore”, што блізкія адзін да аднаго светы павінны вярнуцца за стол перамоваў, не паддаючыся нянавісці.

Увага, якая надаецца Святым Пасадам Усходняй Еўропе справа не новая; яна не знікала нават у самыя змрочныя часы. Таму дыялог з Расіяй неабходны менавіта цяпер, калі там існуе перыяд нявызначанасці па многіх пытаннях. Бліжэйшы супрацоўнік Папы збіраецца наведаць гэту краіну ў другой палове жніўня.

Кардынал падкрэсліў неабходнасць пераадолення спакусы супрацьпастаўлення Расіі заходнім краінам, таму што гэта перашкаджае ўзаемаразуменню. Цярплівы і шчыры дыялог тут значна важнейшы, чым пытанні, якія з’яўляюцца прычынай цяперашняга канфлікту і якія, хутчэй за ўсё, выклікаюць узмацненне напружанасці ў будучыні. Справа міру стаіць вышэй любых нацыянальных інтарэсаў, таму тут няма пераможцаў і прайграўшых, адзначыў кардынал Паралін. Ён папярэдзіў, што цяперашні рэцыдыў нацыяналістычных тэндэнцый паказвае, што магчымасць катастрофы пакуль не выдалена, і гэта выклікае заклапочанасць Святога Пасаду.

Адказваючы на пытанне пра нядаўна памерлага былога канцлера Германіі Гельмута Коля, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў яго ўклад не толькі ў аб’яднанне Германіі, але і ў пераадоленне разумення еўрапейскай інтэграцыі, абмежаванай выключна да заходняга боку жалезнай заслоны. Па словах іерарха, гэты палітык разумеў, што гаворка ідзе пра стварэнне не “германізаванай Еўропы, але еўрапеізаванай Германіі”. У сувязі з гэтым, кардынал Паралін перасцярог ад вяртання нацыяналізмаў, якія вырастаюць з крызісу каштоўнасцяў і рэлігіі ў Старым Свеце, і якія могуць цалкам знішчыць гэтыя каштоўнасці і матывацыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.