2017-07-27 13:29:00

Кардынал Дзяржсакратар: Святы Пасад нічога не шукае для сябе


Ватыканскі Дзяржсакратар распавёў пра адносіны Святога Пасаду з асноўнымі дзяржавамі свету. У інтэрв’ю “Sole24Ore” кардынал Пьетра Паралін падзяліўся бачаннем кантэксту, у якім адбудзецца яго візіт у Маскву, запланаваны на другую палову жніўня. “Мэта Касцёла – несці Бога людзям і весці людзей да Бога”, - падкрэсліў ён.
 
Адказваючы на пытанне пра стасункі з Расіяй Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы падкрэсліў, што яны заўсёды былі важнымі і нагадаў пра візіт у Рым у 1845 г. цара Мікалая I, плёнам чаго, праз два гады, было падпісанне пагаднення аб узаемных адносінах. “У цяперашні час часта падкрэсліваюцца адрозненні паміж рознымі краінамі Захаду і Расіяй, як калі б гэта былі два розныя светы, кожны са сваімі каштоўнасцямі, інтарэсамі, нацыянальным або транснацыянальным гонарам, і нават сваёй уласнай канцэпцыяй міжнароднага права, якая супрацьстаіць іншай. У падобным кантэксце, задача складаецца ў тым, каб спрыяць лепшаму ўзаемаразуменню паміж тымі, хто можа праяўляць сябе як два супрацьлеглыя бакі”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Ён заахвоціў да цярплівага дыялогу. “Пытанне міру і пошук розных рашэнняў бягучых крызісаў неабходна ставіць вышэй за любыя нацыянальныя або аднабаковыя інтарэсы. Тут не можа быць ні пераможцаў, ні тых, хто прайграў”, - падкрэсліў кардынал Паралін. Ён адзначыў, што магчымасць катастрофы ў цяперашняй эпосе аднаўлення нацыяналізмаў яшчэ не папярэджана, і місія Святога Пасаду – прадухіліць яе. У размове прагучаў напамін пра моцныя поглядах Святога Айца, які неаднаразова асуджаў скажонае выкарыстанне рэлігіі для развязвання канфліктаў ці актаў насілля.

Кардынал Дзяржсакратар перасцярог ад паспешлівай ацэнкі новай адміністрацыі Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. У той жа час, ён падкрэсліў гістарычную адказнасць Злучаных Штатаў і іншых суб’ектаў на міжнароднай арэне за рэакцыю на такія выклікі, як змяненне клімату, скарачэнне няроўнасці і беднасці, а таксама канфлікты.

Іерарх адзначыў, што ватыканская дыпламатыя не кіруецца імкненнем атрымаць палітычную, эканамічную або ідэалагічную ўладу. Ён падкрэсліў важнасць свайго візіту ў чэрвені 2016 г. ва Украіну, у тым ліку на Данбас, як выраз занепакоенасці Францішка лёсам жыхароў гэтай краіны, што выявілася ў перадачы папскай гуманітарнай дапамогі. “Святы Пасад нічога не шукае для сябе”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.

Гаворачы аб сітуацыі ў Еўропе, ён паказаў на небяспеку рознага роду нацыяналізмаў, якія маюць свае карані ў культурным і рэлігійным крызісе кантынента, што прыводзіць да пазбаўлення Еўропы яе каштоўнасцяў і матываў. “Еўропа нясе незаменную адказнасць. І калі застаецца абыякавай, як у выпадку міграцыі, адмаўляецца ад найлепшага”, - лічыць кардынал Паралін.

У інтэрв’ю было закранута пытанне пра адносіны з краінамі Азіі, уключаючы Кітай. Прызнаючы новыя выклікі, ватыканскі Дзяржсакратар адзначыў, што мэта Касцёла – намагацца, каб усе мелі магчымасць свабоднага вызнання веры.

“Каталікі хочуць спакойна жыць сваёй верай у кожнай краіне, як добрапрыстойныя грамадзяне шляхам удзелу ў станоўчым развіцці нацыянальнай супольнасці. У гэтым кантэксце варта таксама весці працэс дыялогу з урадамі некаторых краін рэгіёну, у тым ліку Кітайскай Рэспублікай, што і ажыццяўляецца ўжо працяглы час. Дыялог сам па сабе ўжо з’яўляецца станоўчым фактам, адкрываючы магчымасць сустрэчы і ўзаемнага даверу. Мы рэалізуем яго ў духу здаровага рэалізму, добра ведаючы, што лёс чалавецтва знаходзіцца, у першую чаргу, у руках Бога” , - сказаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы.








All the contents on this site are copyrighted ©.