2017-07-26 12:25:00

Ватыканскія педыятры патлумачылі сітуацыю вакол Чарлі Гарда


“Мы зрабілі ўсё, што маглі зрабіць”, - так гаворыцца ў спецыяльным паведамленні ватыканскай дзіцячай клінікі “Bambino Gesù”, у якім каментуецца сітуацыя вакол Чарлі Гарда, 11-месячнага хлопчыка з Лондану, які, па рашэнні вялікабрытанскага суда, павінен быць адключаны ад медыцынскага абсталявання, што падтрымлівае яго жыццё. Дзіця пакутуе ад надзвычай рэдкага і невылечнага генетычнага захворвання.

Ватыканскія педыятры сцвярджаюць, што эксперыментальная нуклеазідная тэрапія магла б стаць магчымасцю для Чарлі. Але ў дадзены момант, улічваючы вельмі цяжкую клінічную карціну маленькага пацыента, эксперыментальная тэрапія стала б бескарыснай медыцынскай дапамогай – ужо занадта позна. 

“Мы не ў стане ведаць, што магло б адбыцца 6 месяцаў таму. Мы не можам ведаць, як Чарлі адказаў бы на эксперыментальную тэрапію. Паколькі маем справу з рэдкім станам, прыродную гісторыю якога мы не ведаем і для якога мы не маем фактычных дадзеных клінічных пратаколаў. Для рэдкіх і ультра-рэдкіх захворванняў кожны выпадак з’яўляецца ўнікальнай гісторыяй”, - гаворыцца ў заяве ватыканскага шпіталя.

Тым не менш, адзначылі медыкі, былі дасягнуты важныя вынікі: сістэмы жыццезабеспячэння Чарлі не былі адключаны, перш чым была выканана законная просьба яго бацькоў, правільна і старанна высветліць клінічны стан дзіцяці і ўсе існуючыя магчымасці. Акрамя таго, адбылася сур’ёзная міжнародная дыскусія на клінічным і навуковым узроўнях, што мае вялікае значэнне для будучыні лячэння рэдкіх захворванняў. Упершыню міжнародная навуковая супольнасць сабралася вакол аднаго пацыента, каб старанна ацаніць усе магчымасці; была створана сетка сумеснай барацьбы за жыццё маленькага хлопчыка. “Гэта сапраўдная спадчына Чарлі: абавязацельства распрацаваць рэальную мадэль персаналізаванай медыцыны”, - гаворыцца ў паведамленні.

Трэба нагадаць, што барацьба за жыццё Чарлі Гарда цягнулася амаль 10 месяцаў. У краінах Еўропы была запушчана кампанія “Не забівайце Чарлі” (“Don’t kill Charlie”), адбываліся таксама малітоўныя чуванні ў інтэнцыі хворага хлопчыка і яго бацькоў. Былі сабраны сродкі на эксперыментальную тэрапію ў ЗША. Да справы актыўна далучыўся Святы Пасад. Не раз аб сваёй духоўнай блізкасці бацькоў хлопчыка запэўніваў папа Францішак. Магчымыя шляхі аказання медыцынскай дапамогі прапанавала ватыканская дзіцячая клініка “Bambino Gesù”. 

У той жа час, брытанскі суд пацвердзіў вердыкт, вынесены яшчэ ў красавіку 2017 г.: “памерці – у інтарэсах самога Чарлі”, і запэўніў у карэктнасці пазіцыі, якую заняў шпіталь Грэйт-Армонд у Лондане, адмовіўшы ў лячэнні хлопчыка.

Крыс і Коні Гард вырашылі спыніць барацьбу пасля некалькіх месяцаў супрацьстаяння вышэйшым судовым інстанцыям Вялікабрытаніі і Еўропы. За гэты час працэс мускульнай атрафіі маленькага Чарлі зайшоў вельмі далёка, прызналі яго бацькі і выказалі перакананне, што хлопчык мог бы жыць нармальным жыццём, калі б адразу атрымаў неабходнае лячэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.