2017-07-23 12:56:00

Францішак заклікаў да стрыманасці і дыялогу ў Святой Зямлі


Пантыфік заклікаў да паразумення паміж канфліктуючымі бакамі ў Святой Зямлі. “Я з занепакоенасцю сачу за сур’ёзнай напружанасцю і актамі насілля, якія маюць месца ў апошнія дні ў Іерусаліме. Адчуваю патрэбу з сумам выказаць заклік да стрыманасці і дыялогу. Запрашаю вас далучыцца да мяне ў малітве, каб Пан натхніў усіх у намеры паяднання і міру”, - сказаў Францішак 23 ліпеня 2017 г., звяртаючыся да вернікаў пасля малітвы “Анёл Панскі”.

Ва Усходнім Іерусаліме працягваюцца пратэсты супраць новых мер бяспекі на Храмавай гары. Мясцовыя мусульмане незадаволены ўстаноўкай металашукальнікаў перад мячэцямі Аль-Акса і Куббат ас-Сахра. Тысячы вернікаў адмовіліся падымацца на гару праз металічныя рамкі, разаслалі малельныя дыванкі на вуліцах і сталі маліцца. Гэтыя дзеянні, у некаторых выпадках, перараслі ў сутыкненні з сіламі бяспекі.

У сувязі з сітуацыяй, Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас заявіў, што ён замарожвае ўсе сувязі з Ізраілем, пакуль прынятыя меры не будуць адменены.

У панядзелак, 24 ліпеня, Савет Бяспекі ААН збярэцца на незапланаванае пасяджэнне, на якім абмяркуе сітуацыю на Храмавай гары ў Іерусаліме.








All the contents on this site are copyrighted ©.