2017-07-22 14:37:00

Касцёл у Іспаніі сочыць за сітуацыяй з свабодай навучання


Архідыяцэзія Валенсіі і мясцовы каталіцкі ўніверсітэт адкрылі Цэнтр па нагляду за свабодай навучання. Новая ўстанова павінна заняцца выпадкамі абмежавання гэтага фундаментальнага права.

Як паведаміў кардынал Антоніа Канісарэс, арцыбіскуп Валенсіі, стварэнне Цэнтра з’яўляецца адказам на “шматлікія выпадкі абмежавання цэнтрамі ўлады асноўных грамадскіх свабод, у прыватнасці, права на навучанне. Праца будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з сацыяльным вучэннем Каталіцкага Касцёла і палягаць у асноўным на супрацоўніцтве са сродкамі масавай інфармацыі і дапамозе арганізацыям і прыватным асобам, якія адчуваюць дыскрымінацыю ў галіне навучання.

Некалькі месяцаў таму супраць плана скарачэння субсідый прыватным школам, большасць з якіх з’яўляюцца каталіцкімі, на вуліцах Валенсіі пратэставалі больш за 40 тыс. чалавек. Дэманстранты адзначалі, што скарачэнне крыніц фінансавання з’яўляецца мэтанакіраваным планам кіруючай кааліцыі сацыялістаў і левых. Самы вялікі пратэст быў выкліканы спробамі навязвання прыватным школам выкладання ў адпаведнасці з каштоўнасцямі гендэрнай ідэалогіі.

Кардынал нагадаў, што свабода навучання, між іншым, палягае на прызнанні фундаментальнага і неад’емнага права бацькоў на выбар месца і формы адукацыі для сваіх дзяцей, у адпаведнасці са сваімі перакананнямі. 

Праект нарадзіўся для служэння бацькам, школьным аб’яднанням, настаўнікам, прафсаюзам, вучням, уладальнікам школ, катэхетам, але перш за ўсё, для служэння праўдзе, падкрэсліў арцыбіскуп Валенсіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.