2017-07-21 14:04:00

Рэакцыя Святога Пасаду на напад “чавістаў” на касцёл


Кардынал Дзяржсакратар асудзіў аблогу адной з парафій Каракаса праз “чавістаў”, прыхільнікаў палітычнай ідэалогіі левага толку, на аснове ідэй і практыкі Уга Чавеса – былога Прэзідэнта Венесуэлы. Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, 16 ліпеня 2017 г. у касцёле Маці Божай Шкаплернай у бедным раёне Кація, дзе праходзіла парафіяльная ўрачыстасць.

У той жа дзень адбываўся рэферэндум, абвешчаны Нацыянальным сходам супраць сацыялістычнага ўраду прэзідэнта Мадуры на тэму прапанаваных ім змен у Канстытуцыі. Праўрадавыя баевікі напалі на выбарчы ўчастак каля згаданага храма, забіўшы адну жанчыну і параніўшы многіх людзей, а затым на працягу гадзіны ўтрымлівалі аблогу касцёла.

У лісце да арцыбіскупа Каракаса кардынал Паралін выказаў сваю блізкасць і падтрымку, рашуча асуджаючы напад “чавістаў”. Ён таксама заклікаў улады краіны прыслухацца да голасу народа, які просіць свабоды, паяднання, міру, матэрыяльнага і духоўнага росквіту для ўсіх, асабліва для бедных і маргіналізаваных. “Я маліўся, - напісаў кардынал Дзяржсакратар - каб Маці Божая Шкаплерная, якую так любіць і шануе Венесуэла, выпрасіла для краіны ў свайго Боскага Сына мірнага і дэмакратычнага рашэння”.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы добра ведае сітуацыю. Да 2013 г. ён быў Апостальскім нунцыем у Венесуэле.

Адразу ж пасля атрымання весткі пра ліст з Ватыкана, рэзка адрэагаваў Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. Ён абвінаваціў Нацыянальны сход, дзе большасць мае апазіцыя, у тым, што яго члены хочуць “аддаць краіну і ўрад пад дыктат кардынала Параліна”.








All the contents on this site are copyrighted ©.